Беларусаў заклікаюць перадаваць на дапамогу Курскай вобласці Расіі ўсё: і трусы са шкарпэткамі, і нават муку
А мужчына з Гомельшчыны перадаў у якасці гуманітарнай дапамогі паўтоны мёду.
04.09.2024 / 09:00
Фота з інстаграма Яўгена Назарэвіча
Беларускі спартсмен-гіравік Яўген Назарэвіч — актывіст фонду Талая, які перыядычна ездзіць на акупаваныя Расіяй тэрыторыі Украіны, — распавёў пра незвычайнае ахвяраванне ў Гомельскай вобласці.
У інстаграме Яўген напісаў, што мужчына (спартсмен называе яго Васілём Аляксеевічам) разам з сынамі перадаў у якасці гуманітарнай дапамогі ў Курскую вобласць Расіі паўтоны мёду і яшчэ воск, з якога потым зробяць акопныя свечкі.
Яўген апісвае дабрадзея, дзякуючы таму за «душэўны парыў»: «Просты сапраўдны рускі (беларус) мужык». Спартсмен-актывіст дадаў, што мёд разам з іншай гуманітарнай дапамогай ад Полацка ўжо адправілі па прызначэнні.
Фонд Талая мае ў тэлеграме суполку «Беларусь з Данбасам» (там каля 850 падпісчыкаў), дзе публікуюць інфармацыю пра тое, што цяпер збіраюць для дапамогі расіянам, а таксама посцяць справаздачы.
Мяркуючы па апошнім допісе, расіяне зараз не спадзяюцца на дапамогу свайго ўрада, які пачаў вайну, бо «Белавусаў чысціць поскуддзе ў Мінабароны РФ, Генштабе і тылавым забеспячэнні». І вось менавіта праз гэта беларусаў заклікаюць дапамагаць Расіі, у якую «зайшоў НАТАўскі бот».
Спіс таго, што просяць ахвяраваць, уражвае: пачынаючы ад аўтамабіляў і заканчваючы трусамі ды шкарпэткамі. Невядомы аўтар піша, што адзін з камандуючых другой арміяй свету (а менавіта так расійскія СМІ называлі сваё войска) сказаў яму: «Мы таксама з падзякай возьмем муку — у мясцовых жыхароў абмяняем на хлеб».
Полацкая школа вырашыла сабраць гуманітарку для Курска
Украінскія ўлады прапанавалі жыхарам Курскай вобласці эвакуявацца на тэрыторыю Украіны