Юлія Навальная абурылася прапановай падзяліць Расію на пару дзясяткаў бяспечных дзяржаў

«Чаму людзі з агульным бэкграўндам і культурным кантэкстам павінны быць штучна падзеленыя? Расія можа і павінна стаць дэмакратычнай еўрапейскай краінай у сваіх міжнародна прызнаных межах».

04.09.2024 / 13:54

Юлія Навальная. AP Photo/Ebrahim Noroozi

Выступленне Юліі Навальнай на 19-м Бледскім стратэгічным форуме (горад Блед у Славеніі), дзе абмяркоўвалася, у прыватнасці, канцэпцыя Еўропы адносна Расіі, апублікавалі ў твітары каманды Навальнага.

Палітык нагадала прысутным пра канцэпцыю Аляксея Навальнага «Цудоўнай Расіі будучыні», якая ўяўляе сабою «дэмакратычную, мірную, еўрапейскую краіну», якая прыйдзе на змену рэжыму Пуціна.

Навальная запытала ў прысутных, а сярод іх была і кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, якую стратэгію адносна Расіі мае Еўрасаюз. Па яе словах, «кароткай, зразумелай, нацэленай у будучыню» стратэгіі, якая б заключалася ў трох-чатырох сказах, Еўропа не мае.

Навальная заўважыла, што «ні ў каго няма выразнага разумення», для чаго супраць Расіі ўводзяцца санкцыі, якую канчатковую мэту яны пераследуюць і як уплываюць на падзенне пуцінскага рэжыму.

У дыскусіі вакол Расіі, як адзначыла Навальная, выказваюцца розныя погляды. Так, ёсць тыя, хто гаворыць аб тым, што «Пуціну трэба аддаць усё, што ён хоча», заключыць мір на яго ўмовах, каб вярнуцца да «звычайнага бізнэсу», набыццю нафты і газу ў Расіі.

Есць і тыя, «хто ўпэўнівае, быццам бы ўсе расіяне шчыра падтрымліваюць Пуціна». А таксама можна знайсці тых, «хто расказвае пра неабходнасць тэрмінова «дэкаланізаваць» Расію».

«Нібыта трэба падзяліць нашу занадта вялікую краіну на пару дзясяткаў маленькіх і бяспечных дзяржаў. Праўда, растлумачыць, чаму людзі з агульным бэкграўндам і культурным кантэкстам павінны быць штучна падзеленыя, «дэкаланізатары» не могуць. І як гэта ўвогуле павінна адбыцца — не паведамляюць», — заявіла Навальная.

«Мы бачым шырокі дыяпазон меркаванняў, але не бачым стратэгіі», — працягнула палітык і заклікала еўрапейскіх палітыкаў «прыйсці да кампрамісу».

Яна лічыць, што «якой бы ні была будучыня Еўропы — Расія ў ёй будзе. Якой бы не была будучыня Расіі — яна будзе звязана з будучыняй Еўропы».

Навальная заклікала разам з той часткай грамадзянскай супольнасці, якая супрацьстаіць Пуціну, выпрацаваць план і дзейнічаць адпаведна яму.

На яе погляд, агульная стратэгія павінна гучаць так: «Расія можа і павінна стаць дэмакратычнай еўрапейскай краінай у сваіх міжнародна прызнаных межах. Гэтага не адбудзецца, пакуль улада ўзурпіравана Пуціным і яго злачынным рэжымам. Таму разам з расійскай грамадзянскай супольнасцю мы будзем змагацца за ліквідацыю гэтай перашкоды на шляху да міру і свабоды».

Далей Навальная прапанавала ацэньваць канкрэтныя ініцыятывы Еўропы з пункту гледжання гэтай канцэпцыі і даваць разуменне, што варта рабіць, а што не.

У ліку добрых ініцыятыў яна назвала дапамогу «расійскай грамадзянскай супольнасці, незалежным медыя, праваабаронцам», дапамогу Украіне ў яе праве на абарону і падзел такіх паняццяў як Пуцін і Расія.

Ні ў якім разе нельга падтрымліваць тых, хто распаўсюджвае нянавісць да расіян, і весці перамовы з Пуціным як з легітымным прэзідэнтам Расіі.

Не адпавядаюць стратэгіі і пагрозы падзелу Расіі на шмат частак. Бо гэта, на думку Навальнай «грае на руку пуцінскай прапагандзе».

Юлія Навальная рызыкавала быць атручанай у пасольстве РФ — калумніст Bild

Зянон Пазняк — пра Юлію Навальную: Кухарка-2, у манерах мадам пішчыць ФСБ

«Мы ведаем, за што канкрэтна Пуцін забіў Аляксея. Мы хутка вам раскажам». Юлія Навальная запісала зварот да расіян

Nashaniva.com