Затрыманая ў Арменіі беларуска ўжо можа свабодна пакінуць краіну

Генпракуратура Арменіі зняла абмежаванні на перамяшчэнне грамадзянкі Беларусі Дзіяны Маісеенкі, прызнаўшы палітычную матывацыю яе пераследу на радзіме. Пра гэта «Люстэрку» паведаміў дарадца па прававых пытаннях Офіса Святланы Ціханоўскай Леанід Марозаў. 

04.09.2024 / 18:46

Дзіяна Маісеенка. Фота з асабістага архіва

Па словах Леаніда Марозава, інфармацыю аб зняцці абмежаванняў на перамяшчэнне для Дзіяны Маісеенкі Офісу Святланы Ціханоўскай накіравалі Генеральная пракуратура і Міністэрства ўнутраных спраў Арменіі.

«Юрыдычная каманда Офіса Святланы Ціханоўскай атрымала інфармацыю аб затрыманні ў Арменіі грамадзянкі Беларусі Дзіяны Маісеенкі ад адваката Алеся Міхалевіча ў панядзелак 2 верасня, — тлумачыць Леанід Марозаў. — Мы адразу ж пачалі працаваць па гэтай справе і звязаліся з уладамі Арменіі — Адміністрацыяй прэзідэнта і Генеральнай пракуратурай. Мы накіравалі ім дакумент пра неправамерныя дзеянні рэжыму Лукашэнкі і палітычныя справы, якія распачынаюцца ў дачыненні да беларусаў для палітычнага пераследу».

Са слоў Марозава, практычна адразу армянскія ўлады паабяцалі, што не будуць выдаваць Дзіяну Маісеенку ў Беларусь, але жанчына не магла пакінуць тэрыторыю Арменіі. Сёння гэтыя абмежаванні з беларускі былі знятыя.

«У сераду 4 верасня мы атрымалі паведамленне ад Генеральнай пракуратуры Арменіі аб тым, што гэтае ведамства больш не мае прэтэнзій да грамадзянкі Беларусі, паколькі абвінавачванні супраць Дыяны не лічацца крымінальна каранымі паводле мясцовага заканадаўства, — расказаў «Люстэрку» Марозаў. — Генпракуратура таксама звярнулася да Міністэрства ўнутраных спраў краіны з просьбай зняць з Дзіяны Маісеенкі абмежаванні на выезд з Арменіі. Мы спадзяемся на хуткае пацвярджэнне МУС аб тым, што просьба Генпракуратуры задаволеная, і Дзіяна можа свабодна пакідаць і вяртацца ў Арменію».

Дзіяна Маісеенка перадумала прасіць прытулак у Арменіі

«Я нібыта праходжу па справе таты». Дзіяна Маісеенка аказалася дачкой былога палітвязня

Беларуска Дзіяна Маісеенка, затрыманая ў Арменіі за ўдзел у пратэстах-2020, ужо на волі

«Мы не ведалі, што Дзіяна ў вышуку». Сябар беларускі, затрыманай у Арменіі, расказаў, як гэта было

У Арменіі затрымалі беларуску за ўдзел у пратэстах-2020

Nashaniva.com