Мастак з сякерай: музей у дрывотні стварыў Іван Супрунчык на Століншчыне

Калі вы насыціліся стандартнымі лакацыямі, якія прапануюцца для агляду ў нашай краіне беларускімі турфірмамі, выданне «Першы» рэкамендуе заехаць у край цяпліц і самай вялікай колькасці новых машын на душу насельніцтва — Століншчыну. Менавіта тут, у вёсцы Цераблічы, у вас з'явіцца магчымасць пазнаёміцца з унікальнай творчасцю Івана Піліпавіча Супрунчыка.

04.09.2024 / 22:22

Скульптар, мастак, этнограф, народны філосаф… Калі пашанцуе — прасіце дазволу паглядзець імправізаваную экспазіцыю карцін, якую майстар размясціў у дрывотні, каля хаты. І — слухайце… Кожная карціна — гісторыя з жыцця. Таго Палесся, пра якое не раскажуць па тэлевізары.

Перапляценне паганства і хрысціянства

«Мы засталіся язычнікамі, — кажа Іван Піліпавіч, — нашыя продкі пакланяліся сонцу, і мы, нягледзячы на тое, што ходзім у царкву — узялі і захавалі найлепшае, што было ў паганстве».

У народных традыцыях Палесся ёсць ручнік, пакрыты мудрагелістым малюнкам арнаменту. А што ёсць ручнік? Гэта белы свет, які атачае чалавека. А арнамент — як літары з кнігі, якія дапамагаюць і аберагаюць чалавека і пры жыцці, і ў смерці.

Экспазіцыя карцін у вясковым музеі Івана Супрунчыка

Вось, напрыклад. Нявесту ахінаюць «белым светам» — фатой, літаратурна кажучы. Адпускаюць дзяўчыну ў свет, новы, з новым чалавекам побач. І жадаюць, каб свет гэты сустрэў яе святлом — шчасцем.

«Ці яшчэ прыклад. Ёсць на Палессі звычай захоўваць 9 каласкоў з мінулага ўраджаю. Калі ў сям'і хтосьці памірае — гэтыя каласкі вылушчваюцца ад зерня, кідаюцца ў магілу. А зерне па вясне ідзе ў зямлю, каб адрадзіцца … І рыдлёўкі, выкладзеныя крыжам на магіле — сімвал сонца. І хлеб, які паводле звычаю ўносяць у дом, праносячы яго над нябожчыкам, якога ў гэты час выносяць з хаты — таксама сімвал сонца», — гаворыць Іван Піліпавіч.

Рыдлёўкі на магіле. Карціна Івана Супрунчыка

Пра што ягоныя карціны

Карціны Івана Супрунчыка вельмі розныя. Адныя прымушаюць шырока і шчыра ўсміхнуцца, успамінаючы шчымлівае пачуццё дзіцячага шчасця. Трывожнасць і боль іншых — камяк у горле.

«Гэты цыкл карцін быў мною намаляваны ў часы Чарнобыльскай трагедыі. Колькі тады болю было. Мяне неяк нават на форум запрашалі з імі, я карціны сабраў, нешта абнавіў, нешта дарабіў… А потым раптам, без тлумачэння прычын, адмовілі ва ўдзеле», — расказаў Іван Піліпавіч.

Людзі-ледзяшы. З Чарнобыльскага цыклу Івана Супрунчыка

І разумееш, чаму, гледзячы на простыя і шырокія алоўкавыя штрыхі, у якіх выяўляецца юны дзявочы твар, апакрыфічна параўноўвалі з Багародзіцай. Правобразам намаляванай на карціне стала мясцовая дзяўчына, якая памерла ў 15 гадоў ад лейкозу… Або на партрэт аслеплага Сына Божага. Не па канонах. Не па правілах. Не скрэпна…

Карціна з Чарнобыльскага цыклу Івана Супрунчыка

Карціна з Чарнобыльскага цыклу Івана Супрунчыка

Каля кожнай карціны, якая вісіць у дрывотні каля хаты — апавяданне пра тое, што і хто намаляваныя на ёй. У гэтых апавяданнях і апісанне таго, што адбывалася сотню-другую гадоў таму, і традыцыі, якія былі прынятыя на Палессі, і мяккі гумар чалавека, які пражыў жыццё.

Эпоха былой вядомасці

Як у сваты раней хадзілі

«У нашых краях яшчэ ў мінулым стагоддзі хлопцам штаны шылі перад тым, як у сваты ісці. А да 17-ці гадоў хлопцы хадзілі ў доўгіх палатняных кашулях. І вось быў выпадак. Пайшлі ў сваты. І спатрэбілася жаніху пакінуць на некаторы час застолле. Пайшоў ён праветрыцца, і спатрэбілася яму на некаторы час ад штаноў вызваліцца. І так ён спяшаўся назад за стол, што нязвыклую вопратку забыўся на кусце. Так і зайшоў да застолля без штаноў… Сваты думалі — здурэў хлопец. А маці падняла яму кашулю, і ўсё зразумелі — нармальны», — дзеліцца гісторыяй Іван Супрунчык.

Жаніх без штаноў. Карціна Івана Супрунчыка

Своеасаблівай рулеткай было і прыняцце рашэння, ісці ў сваты ці не. Перад патэнцыйным жаніхом ставілі два боты, адзін з якіх быў напоўнены збожжам, другі — пяском. І па выніку выбару прымалася рашэнне.

Пара ў сваты. Карціна Івана Супрунчыка

А потым бацька ставіў убраную ў найлепшую вопратку дзяўчыну на калёсы і вазіў па вёсцы, гучна паведамляючы аднавяскоўцам: «Саспела!!»

Саспела. Карціна Івана Супрунчыка

Але калі сем'і вырашалі пытанне пра вяселле станоўча — сведкам саюзу быў… Месяц! І будучыя сваякі-сваты ламалі ў знак дамовы хлеб пад яго халодным ззяннем…

Сваты згаварыліся. Карціна Івана Супрунчыка

Паставіў помнікі загінулым землякам

Шчылястая дрывотня, няспешная размова, яркія вобразы на паперы…

«У часы маладосці каля кожнай хаты, у якую не вярнуўся салдат з вайны, паставіў своеасаблівы помнік, высечаны з дрэва, — кажа Іван Піліпавіч. — Прайшлі гады, слупы з тварамі і імёнамі струхлелі… А я цяпер хачу іх сабраць усе разам і выставіць на вуліцы, якая вядзе да могілак. Цяпер гэтая вуліца называецца вуліцай Перамогі. Але яе варта перайменаваць. Будзе звацца Дзяды.

Іван Супрунчык увекавечвае загінулых землякоў драўлянымі помнікамі

Кажуць, што нашыя душы перасяляюцца ў буслоў. Дзіўная птушка. Яны кожны раз перад пералётам у чужыя краі па дзіўным прынцыпе выбіраюць аднаго са сваіх і прыносяць у ахвяру. Пакідаюць. Я назіраў за такім небаракам, ён стаіць, галаву апусціў, а астатнія вакол яго нешта гаргочуць, дзюбамі пстрыкаюць… І застаецца адзінокая фігурка птушкі на восеньскім полі…

Неяк нашыя вясковыя падабралі такога пакінутага, пасялілі ў кароўніку. Ён усю зіму пражыў. А калі вярнуліся з цёплых краёў ягоныя крылатыя субраты — яны яго забілі… Мабыць, умяшаўшыся ў іх птушынае рашэнне, чалавек парушыў нейкую забарону буслінага племя»», — расказвае Іван Піліпавіч.

Чарнавік скульптуры

Ён дзеліцца планамі, расказвае пра тое, што катастрафічна не хапае часу на ўсё: ёсць ідэя стварыць перасоўны тэатр лялек — батлейку. Трэба рыхтаваць вучняў, каму перадаць усе веды пра Палессе, якіх мы не ведаем. Таму не хапае часу на кнігу, якая таксама б не была лішняй…. Але ў словах — смутак…

«Памятаю, мама комін жаніла. Калі наступала восень, мама набірала гарбузяных семак, ручніком — «белым светам» — абвязвала комін, і абсыпала комін гэтымі семкамі. Мы збіралі гэтыя семкі, спявалі песні: «Цепэр вэсёлы вэчор, жэніцца наш комін. Пожэнім коміна, да почынім, да по свету. Горы лучына ярко, коб было добрэ прасці да і ткаці — нашых дзеток одзеваці». І цягам зімы збіраліся дзяўчаты вакол коміна, песні спяваюць, гутаркі вядуць. Весела…», — успамінае Іван Піліпавіч.

А цяпер — нібыта і багацейшыя людзі сталі… А не спяваюць…

На Гродзеншчыне дзве старыя воданапорныя вежы прыстасуюць пад хостэл і бар

Падарожжа па вузкакалейцы, сафары, гранітныя скалы… Топ-8 незвычайных тураў па Беларусі на выхадныя

У Брэсце закансервуюць руіны 400-гадовага кляштара. Гэта адзінае збудаванне, што засталося ад гістарычнага Берасця

«Крэпкахазяйственная рука дацягнулася да справы». Як цяпер выглядае маёнтак Падароск, адціснуты ва ўладальніка ФОТАФАКТ

Ці растуць Тураўскія каменныя крыжы і ці плылі яны па вадзе?

Nashaniva.com