Грамадства

Падарожжа па вузкакалейцы, сафары, гранітныя скалы… Топ-8 незвычайных тураў па Беларусі на выхадныя

Калі гэтым летам вы ўжо пабывалі ў Міры, Нясвіжы, Брэсце і іншых выдатных месцах, а цяпер хочаце чагосьці небанальнага і асаблівага, то гэтая падборка маршрутаў дакладна для вас. Незвычайныя прыродныя лакацыі, паездка па вузкакалейнай чыгунцы, туры з анімацыяй, знаёмства з сабакамі хаскі, дэгустацыі і нават васьмідзённы рачны круіз. Усе падрабязнасці расказала выданне Myfin.by.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: infoflot.com

Падарожжа вузкакалейным шляхам

Калі надакучылі звычайныя экскурсіі, самы час паспрабаваць нешта новае. Можна праехацца па выдатных «дзікіх» мясцінах краіны па вузкакалейцы на маленькім цягніку.

Вузкакалеек у нашай краіне засталося менш за 30. Усе яны выкарыстоўваюцца для прамысловых мэтаў, у асноўным для транспартавання торфу. А ў апошнія некалькі гадоў арганізоўваюць экскурсіі па вузкакалейнай чыгунцы.

Фота: 750mm.by

Акрамя рамантыкі самога падарожжа па запаведных месцах, турыстаў чакае інфарматыўная экскурсія. Вы даведаецеся і ўбачыце, як здабываецца торф. Па дарозе можна будзе паглядзець торфаздабыўны ўчастак «Крупка», «разлівы» на месцы былых торфараспрацовак, палявую базу «Яўсеевічы», дзе ўдзельнікі тура пазнаёмяцца з торфаздабыўнай тэхнікай. Шмат яркіх эмоцый і ўражанняў вам забяспечаныя.

Экскурсія пачынаецца недалёка ад Ліды ў пасёлку Дзітва. Працягласць — 3,5 гадзіны.

Кошт: 50 руб. дарослы білет і 25 руб. дзіцячы.

Сафары на досвітку

У гэтым падарожжы прапануюць адправіцца ў Налібоцкую пушчу — велізарны лясны масіў, размешчаны недалёка ад Мінска. Арганізатары тура абяцаюць сапраўднае лясное сафары: турысты будуць высочваць і назіраць жывёл, прыслухоўвацца і атрымліваць асалоду ад цішыні лесу.

Фота: poshyk.info

Шлях будзе пралягаць па лясных дарогах уздоўж каналаў і забалочаных участкаў. Часцей за ўсё ў гэтым туры атрымліваецца ўбачыць аленяў, казуль і тарпанападобных коней. На сённяшні дзень колькасць тарпанападобных коней у лясах Налібоцкай пушчы каля 250 асобін. Трохі радзей атрымоўваецца заўважыць ласёў, лісаў, дзікоў, зуброў і іншых жывёл.

Падарожжа пачынаецца вельмі рана, так каб прыехаць у лясны масіў на досвітку. Гэта павялічвае шанцы паназіраць за мясцовымі насельнікамі.

Кошт: 170-200 руб.

Саляныя шахты і гранітныя скалы

У гэтым туры можна будзе ўбачыць саляныя тэрыконы і шахты аднаго з лідараў сусветнай вытворчасці калійных угнаенняў і гранітныя скалы найбуйнейшага кар'ера Еўропы. Турысты наведаюць музей ААТ «Беларуськалій», саляныя тэрыконы (Салігорскія горы).

Фота з адкрытых крыніц

Самі арганізатары тура лічаць, што гэтае месца ідэальна пасуе для здымак фантастычных фільмаў пра далёкія планеты або свет постапакаліпсісу.

Другая частка маршруту — наведванне самага вялікага гранітнага кар'ера ў Еўропе. Кар'ер на самай справе ўражвае сваімі маштабамі. Тут запланаваны паход у музей, наведванне вытворчых цэхаў, рачнога порта і назіральнай пляцоўкі над 150-метровай прорвай. Магчымы спуск на БелАзе да вадаспадаў, што прабіваюцца скрозь скалы кар'ера.

Кошт: калі група складаецца з 2-7 чалавек, то за аднаго чалавека кошт складзе ад 214 руб., за групу 1498 руб. Пры колькасці 8-19 чалавек кошт на чалавека ад 106 руб., за групу — 2014 руб. Дадаткова аплачваецца спуск да вадаспадаў у Мікашэвічах і вячэра на зваротнай дарозе.

Анімацыйны тур «Сцежкамі партызан»

Анімацыйная экскурсія ў Станькава пачнецца з праходжання нямецкага КПП. Турысты стануць сведкамі перастрэлкі з партызанскім атрадам і будуць мабілізаваныя на фронт, пройдуць курс маладога байца і, вядома, атрымаюць сапраўднае баявое заданне.

Фота: altertour.by

Акунуцца ў мінулае можна будзе на тэрыторыі вайскова-гістарычнага комплексу «Партызанскі лагер» у Станькаве. Тут гасцям абяцаюць сапраўдную атмасферу партызанскага атрада. Удзельнікі тура змогуць, апрануўшыся ў форму, прайсці ўсе выпрабаванні франтавой падрыхтоўкі, пабываць у зямлянках з радыёстанцыяй, картамі і шыфравальнай машынай, наведаць зброевую майстэрню, бытавыя зямлянкі, партызанскую лазню. А ў фінале пабываць на «франтавым свяце» з танцамі і музыкай. Ну і безумоўна паспрабаваць неверагодна смачную салдацкую кашу «з пылу, з жару» са смачнымі закускамі і напоямі.

Кошт: пры колькасці 2-7 чалавек у групе цана на аднаго — ад 320 руб., за групу — 2240 руб.

Гастранамічны тур з майстар-класам

Тур пра таямніцы півавараў і сыравараў. Праграма абяцае быць насычанай. Спачатку турыстаў чакае экскурсія ў старажытнае гарадзішча на рацэ Менцы і сядзібу-музей «Стары Менск». Тут можна будзе ўбачыць 500 экспанатаў X-XI стагоддзяў: прадметы побыту, упрыгожванні, зброя, тысячагадовыя крыжы. Многія з іх можна патрымаць у руках.

Гасцям будзе прапанавана прадэгуставаць напой, які пілі полацкія князі, — медавуху. Яе прыгатуюць паводле арыгінальнага старажытнага рэцэпту.

Фота: dzen.ru

Наступны пункт праграмы — сядзіба ELAGMA, якая знакамітая не толькі сваімі хаткамі-трыкутнікамі, але і вытворчасцю «пітной вады». У рамках праграмы будуць праведзеныя два майстар-класы: па піваварстве і па прыгатаванні мяккага сыру. Сапраўдныя сыравары прыадкрыюць заслону сыраварэння, раскажуць, як прыгатаваць сыр дома на кухні, падзеляцца асабістымі назіраннямі і сакрэтамі ў сыраробстве.

У самым канцы чакае адказнае заданне па падрыхтоўцы мяккага марынаванага сыру ў заліўцы з масла і спецый. На заканчэнне паездкі — чаяванне з дэгустацыяй. Плюс да таго кожнага ўдзельніка тура чакае прыемны падарунак — 1 літр «пітной вады», баначка сыру, зробленая сваімі рукамі.

Кошт: 165 руб., дадаткова аплачваецца абед на сядзібе (25 руб.).

У госці да Хаскі

У гэтым туры прапануецца адправіцца ў Раўбічы і Лагойск. Тут унікальныя прыродныя ландшафты суседнічаюць са значнымі культурнымі аб'ектамі.

Фота: lapkins.ru

Напрыклад, у Раўбічах турысты наведаюць музей народнай творчасці, а ў Лагойску — былую рэзідэнцыю графаў Тышкевічаў.

Апошні пункт праграмы — сядзіба «Дом качэўніка» (у вёсцы Касцюкі Барысаўскага раёна). Тут на прыродзе адноўленыя традыцыі народаў, якія на працягу стагоддзяў мянялі месца свайго жыхарства. Там ёсць юрты і ціпі. Турысты ўбачаць прывітальны танец з сапраўднымі індзейцамі, даведаюцца ўсё пра лад жыцця і традыцыі качавых народаў, а яшчэ пазнаёмяцца з хаскі — самымі прыязнымі сабакамі ў свеце. Мора эмоцый і выдатныя фатаграфіі ўсім забяспечаныя.

Кошт: ад 38 руб. (кошт залежыць ад колькасці чалавек у групе). Дадаткова аплачваюцца:

  • уваходныя квіткі ў музей народнай творчасці ў Раўбічах;
  • уваходны білет на сядзібу «Дом качэўніка» з пачастункам (чай, печыва);
  • абед у кавярні або рэстаране.

Восень на Палессі

Непрыкметна набліжаецца восень, і яна асабліва прыгожая на Палессі. У гэтым туры прапануецца адправіцца ў заказнік «Выганашчанскае». Гэтая прыродная тэрыторыя — комплекс некранутых балот, лясоў і азёраў.

Фота: ecojurney.by

Спачатку турыстаў чакае водная прагулка па возеры Бабровіцкае. Падчас яе запланаваныя прыпынкі, напрыклад, на востраве пасярод балот, а таксама на месцы, дзе жывуць балотныя чарапахі. Пасля запланаваны 6-кіламетровы пераход па верхавым балоце. Завяршаецца дзень каля вогнішча. Падчас вячорак суправаджаючы з боку заказніка прадэманструе працэс прываблівання ваўка на гук (часам яны адгукаюцца).

Начлег арганізаваны проста на беразе возера. Гэта былы ўрадавы аб'ект, меркаваная, але не спраўджаная «паляўнічая дача» Пятра Машэрава.

На другі дзень запланаваная прагулка праз нізіннае балота па насціле з бярвення. Гэты тур спадабаецца аматарам дзікай прыроды і актыўнага адпачынку.

Кошт: 350-370 руб. (уключаныя трансфер з Мінска і назад, два абеды, адна вячэра, адзін сняданак).

Круіз на цеплаходзе

Гэты тур адрозніваецца ад папярэдніх тым, што тут турысты будуць падарожнічаць па вадзе на цеплаходзе, які курсіруе па рэках Мухавец, Піна і Прыпяць.

Фота: fortuna-travel.ru

Падарожжа пад назвай «Скарбы Палесся» будзе доўжыцца 8 дзён. Маршрут пачынаецца і заканчваецца ў Брэсце, праходзіць праз Ляхавічы, Моталь, Пінск, Стахава, Давыд-Гарадок, Тураў, Качановічы, Пінск, Кобрын.

У рамках праграмы запланаваныя 10 экскурсій з наведваннем разнастайных музеяў, пчальніка, беларускіх вытворчасцяў і знакамітай Белавежскай пушчы.

Кошт: ад 1839 руб., грамадзянам Беларусі прадугледжаная 5% зніжка. У кошт уключаныя чатырохразовае харчаванне і экскурсіі на сушы.

Каментары

Самалёт Баку-Грозны, падобна, быў падбіты з расійскага зенітна-ракетнага комплексу

Самалёт Баку-Грозны, падобна, быў падбіты з расійскага зенітна-ракетнага комплексу

Усе навіны →
Усе навіны

«Ніхто з кіраўніцтва з ім не спрачаецца». Якія былыя сілавікі абселі кіраўнічыя пасады буйных беларускіх прадпрыемстваў7

У Міжземным моры затанула расійскае судна, якое ішло ў Сірыю1

55 гадзін на машыне і да 100 еўра за падсадку ў аўтобус. Пекла на ўездзе ў Беларусь з Польшчы9

«Пераарыентаваць бізнэс на працу з айчынным сэканд-хэндам». Улады шукаюць рады на заходнія санкцыі

Расія нанесла ўдар балістычнай ракетай па Крывым Рогу1

У Белавежскай пушчы дзеля рэдкай птушкі выкасяць больш за тысячу гектараў балота

Ціханоўская павіншавала беларусаў, якія святкуюць Каляды 25 снежня11

«Дзе ***** подпісы???» Прапагандыст Тур заблытаўся ў выбарчых рэаліях7

У свеце стала менш атэістаў. Але ў Еўропе рэлігія адступае 21

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Самалёт Баку-Грозны, падобна, быў падбіты з расійскага зенітна-ракетнага комплексу

Самалёт Баку-Грозны, падобна, быў падбіты з расійскага зенітна-ракетнага комплексу

Галоўнае
Усе навіны →