Платформа Fibery абмяжоўвае доступ да сэрвісу з Беларусі і Расіі

Створаная беларусамі платформа для кіравання працоўнымі працэсамі Fibery спыняе доступ да сэрвісу ў Беларусі і Расіі з 12 верасня. Гэта абумоўлена санкцыямі ЗША, піша Devby.io.

05.09.2024 / 16:57

Fibery стала рассылаць кліентам папярэджанні аб тым, што сэрвіс стане недаступным для кліентаў у Беларусі і Расіі з 12 верасня.

«Санкцыі ЗША ў дзеянні», — пракаментаваў у фэйсбуку прынятае рашэнне заснавальнік і CEO Fibery Міхаіл Дубакоў.

Пад гэтым допісам Дубакова разгарэлася дыскусія: частка карыстальнікаў запэўнівае, што абмежаванні ЗША толькі для расіян і не павінны закрануць Беларусь. Але каманда Fibery пераправерыла і пацвердзіла: забарона непазбежная, паколькі кампанія цяпер базуецца ў Штатах.

«Галоўная юрыдычная асоба Fibery — у ЗША, — звярнуў увагу Міхаіл Дубакоў. — Закрыюць доступ, верагодна, усё: Miro, Notion, Coda і іншыя кампаніі, чый сэрвіс можна прывязаць да тыпу софту ў санкцыйных спісе, напрыклад, CRM або ERP.

У Беларусі і Расіі ў нас былі дзясяткі кліентаў. Але доступ будзе закрыты для краін, а не для грамадзян, з тэрыторыі іншых краін усё будзе працаваць».

Раней у сярэдзіне жніўня пра абмежаванні з 12 верасня абвясціла Miro. Пазней высветлілася, што кампанія закрые толькі платныя акаўнты ў Расіі і Беларусі, бясплатныя ж абслугоўваць працягнуць. У Fibery ж усе акаўнты платныя.

З Беларусі сыходзяць яшчэ дзве вядомыя IT-кампаніі

ІТ-стартап Fibery эміграваў з Беларусі

Затрымалі дырэктара па інфармацыйнай бяспецы буйной IT-кампаніі. Вінавацяць ва ўдзеле ў пратэстах і стварэнні чата

Nashaniva.com