«Ябацькі спалохаліся, што вайна, аказваецца, побач». Як у Гомелі абмяркоўваюць выбухі беспілотнікаў над горадам

Нядаўнія выбухі ад збітых расійскіх беспілотнікаў над гомельскім небам выклікалі вялікі рэзананс у СМІ, каналах і сацсетках. Але больш за ўсё падзея ўразіла мясцовае насельніцтва, якое, хоць і прызвычаілася з 2022 года жыць з усведамленнем небяспекі, але ўсё адно не бачыла вайну так блізка. Назіраннямі, як рэагавалі на выбухі ў ноч з 4 на 5 верасня гомельцы, падзяліліся чытачы выдання «Штодзень».

06.09.2024 / 18:47

Пашкоджаны рэшткамі збітага дрона будынак складу ў Навабеліцы. Фота: «Беларускі Гаюн»

«Цэлы дзень (5 верасня) людзі ў Гомелі абмяркоўвалі наступствы начной акцыі па збіцці БПЛА. Гавораць, што гукі выбухаў было добра чуваць у ваколіцах «Крышталя» на Навабеліцы. Па цэнтры раёна так бабахнула, што ажно сям-там шкло вылятала, дзверы трэсліся. На раёне «Фестывальны» людзі чулі таксама, што нешта здарылася.

У пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў у Гомелі таксама чуваць было, як перамяшчаюцца вялікія транспартныя самалёты, знішчальнікі. Калі цяжкія вайсковыя самалёты праносіліся ў небе, стаяў гул такі страшны. Таму многія мясцовыя навучыліся па гуку адрозніваць вайсковыя самалёты. Карацей, тут «весела», але шахеды яшчэ не лёталі…»

Пашкоджаны рэшткамі збітага дрона будынак складу ў Навабеліцы. Фота: «Беларускі Гаюн»

«Цікава, што беларускія вайскоўцы ў афіцыйных каментарах нічога канкрэтнага не гаварылі. Маўляў, пэўна, што гэта былі БПЛА і ўсё. А вось прапагандысты з БТ, паказваючы навіны, сказалі ў такім рэчышчы: «Раней з боку Украіны дроны таксама заляталі. Гэта не першы выпадак, бла-бла-бла». Карацей, Украіна ў іх дакладна вінаватая. Гэта спецыяльна робіцца, каб нашыя людзі злыя былі на Украіну.

Але ж у Гомелі дзіўны настрой: нават вата закаранелая не каментуе, хто гэта зрабіў. Яны ходзяць і расказваюць, як бабахнула, як страшна ім было. Пакуль няма высноў, што гэта адныя ці іншыя. А нармалёвыя людзі па зразумелай прычыне маўчаць. І такіх вельмі шмат…»

Інфаграфіка маршрутаў палётаў расійскіх беспілотнікаў над Гомельшчынай у ноч з 4 на 5 верасня

«На дзяржаўных прадпрыемствах ідэолагі прамываюць супрацоўнікам мазгі, што не трэба давяраць неафіцыйным крыніцам. А слухаць толькі заявы Мінабароны. У чатах заводаў распаўсюджваюць паведамленні супраць распаўсюду чутак пра здарэнне…

Але тэма ўсё адно актыўна прагаворваецца. Я і ў грамадскім транспарце чуў, і ў крамах. Спецыяльна не падслухоўваў, але паўсюль выбухі абмяркоўваюць. Пакуль адмашку не далі ўсім аматарам РФ крычаць, што Украіна БПЛА адпраўляе, то ніхто гэта і не гаворыць.

Прыхільнікі рэжыму спалохаліся не таму, што каментаваць асабліва нельга, але яны «абасраліся», што да іх прыляцела. Вайна ж «далёка», а тут, аказваецца, побач. Добра, што не трапіла ў жылы будынак, а на склад мэблевай фабрыкі, якая даўно не існуе. Няма там больш фабрыкі, дык яшчэ і дроны падаюць. А каб, не дай Божа, у жылы будынак трапіла?!

Карацей, вайна сапраўдная страшная, калі яе бачыш на свае вочы, а не на экране тэлевізара».

Мазырскія прапагандысты пераблыталі расійскія дроны з украінскімі

«Не балбачы і не панікуй, а то пасадзім». Прапаганда ў замяшанні пасля збіцця расійскіх шахедаў над Беларуссю

У Беларусь за ноч заляцелі не менш за восем шахедаў. Адзін з іх збіла СПА Расіі

У Гомельскай вобласці ўначы збілі два расійскія шахеды

Nashaniva.com