Беларус даслаў у шэраг райвыканкамаў просьбы памяняць мову вулічных шыльдаў. Што яму адказалі

Моўны актывіст Ігар Случак, які раней звяртаўся ў шэраг райвыканкамаў з просьбай памяняць расейскамоўныя шыльды з назвамі вуліц і іншых геаграфічных аб’ектаў на беларускія, атрымаў некалькі адказаў. Сярод іх — як станоўчыя, так і адмоўныя, піша «Радыё Свабода».

08.09.2024 / 23:36

У Нясвіжскім райвыканкаме Случаку адказалі, што цяпер у цэнтральнай частцы Нясвіжа «для зручнасці турыстаў і гасцей горада» ёсць указальнікі з найменнямі вуліц па-расейску, якія абнавілі ў 2023 годзе, таму «няма неабходнасці і дадатковых фінансавых сродкаў для замены іх толькі зыходзячы з Вашых пажаданняў».

Улады Лунінца адказалі, што не атрымлівалі скаргаў і прапаноў ад жыхароў Лунінецкага раёна наконт замены шыльдаў, таму «ўсталяванне новых указальнікаў вуліц і іншых геаграфічных аб’ектаў з'яўляецца немэтазгодным».

У Мсціславе ў адказе моўнаму актывісту зазначылі, што «раён мае шматгадовую гісторыю супрацоўніцтва з прымежнымі раёнамі Смаленскай вобласці РФ», і падчас правядзення знакавых мерапрыемстваў у горадзе іх «гасцям і ўдзельнікам зручна чытаць назвы населеных пунктаў як на расейскай, так і беларускай мовах». У сувязі з гэтым усталяванне новых указальнікаў у мясцовым райвыканкаме таксама палічылі «немэтазгодным».

У Вілейскім райвыканкаме адказалі, што паколькі патрабаванняў да нанясення надпісаў на вулічных шыльдах і ўказальніках адрасоў і напрамкаў прававымі актамі Рэспублікі Беларусь не ўстаноўлена, перарабляць расейскамўныя надпісы «немэтазгодна».

У Лагойскім райвыканкаме адказалі, што наяўныя шыльды «маюць эстэтычны выгляд і не згубілі сваёй актуальнасьці згодна заканадаўству».

Разам з тым, актывіст атрымаў і некалькі станоўчых адказаў.

У Ваўкавыску, Мядзеле, Шклове і Пастаўскім раёне актывісту паабяцалі, што ўсе новыя вулічныя шыльды будуць толькі на беларускай мове.

Таксама знакі на беларускай мове пачалі ставіць на мясцовых дарогах Бабруйскага раёна, вынікае з адказу, які актывіст атрымаў ад намесніка старшыні Бабруйскага райвыканкама.

У Нясвіжы памянялі мову вулічных шыльдаў «для зручнасці турыстаў і гасцей горада»

Ігар Случак напісаў рэзкі каментар пра рускамоўных беларусаў. Не вытрымаў нават Пазняк

Ігар Случак апублікаваў фота з залепленым вокам. Што здарылася?

Nashaniva.com