Лукашэнка забараніў служыць у МУС беларусам, у якіх ёсць іншае грамадзянства, і пашырыў сілавікам сацпакет
Ягоны ўказ таксама ўводзіць бясплатнае харчаванне для сілавікоў ва ўзмацненнях і дазваляе членам сем'яў міліцыянтаў бясплатна абслугоўвацца ў ведамасных медустановах.
09.09.2024 / 17:52
Ілюстрацыйнае фота: МУС
Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, які ўносіць змяненні і дапаўненні ў Палажэнне аб праходжанні службы ў органах унутраных спраў.
Так, дакумент уводзіць новую падставу для адмовы грамадзяніну ў прыёме на службу ў органы ўнутраных спраў і спынення гэтай службы — набыццё грамадзянства (падданства) замежнай дзяржавы.
Таксама ўказам павялічаны гранічны ўзрост прыёму на службу з 25 да 28 гадоў у сувязі са змяненнем гранічнага ўзросту знаходжання на службе з 45 да 48 гадоў.
Дакумент закранае і сацыяльныя гарантыі для сілавікоў. Цяпер члены сям'і супрацоўнікаў органаў змогуць бясплатна абслугоўвацца ў ведамасных медустановах. Самі сілавікі змогуць атрымліваць бясплатнае харчаванне ў выпадках прыцягнення іх да аховы грамадскага парадку пры пераводзе іх на ўзмоцнены варыянт нясення службы.
Супрацоўнікам органаў фінансавых расследаванняў, Следчага камітэта, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях і Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз даецца права медыцынскага абслугоўвання ў арганізацыях МУС, санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення на ўмовах і ў парадку, які ўстаноўлены для супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.
Акрамя таго, цяпер заканадаўча дазволена ствараць на базе падраздзяленняў МУС вайскова-патрыятычныя клубы.
Беларускіх старшакласнікаў навучаць праводзіць допыты
Як сілавік дапамагаў перадаваць аўтарытэту пельмені ў калонію. А той у адказ навёў парадак
Кіраўнік Nexta Сцяпан Пуціла: Нам здавалася, сілавікі і чыноўнікі пяройдуць на бок народа