Безыдэйная і безгустоўная халтура. Канцэпцыю новага гістарычнага музея для Лукашэнкі рыхтавалі ў спешцы

Чыноўнікі наўзахваткі сталі тлумачыць важнасць і неабходнасць будаўніцтва новага музея. Але выглядае, што важны ідэалагічны праект, які з такой помпай анансавала дзяржаўная прапаганда, рыхтаваўся ў апошні момант ледзь не на каленцы.

10.09.2024 / 11:41

Галоўны фасад новага Нацыянальнага гістарычнага музея.

На якасць прэзентаванага Аляксандру Лукашэнку звярнулі ўвагу архітэктары. Такі праект, на іх думку, было б сорамна паказваць студэнтам ва ўніверсітэце, а не толькі кіраўніку дзяржавы.

Першае, што кінулася ў вочы, гэта прымітыўная ідэя зрабіць музей у форме абрысаў Беларусі. У архітэктуры такі прыём затаўравалі тэрмінам «птушынае гаўно» (birdshit), бо счытаць задуму магчыма толькі з вышыні птушынага палёту, а большасць людзей ходзіць нагамі па зямлі і бачыць будынкі з вышыні свайго росту. З чалавечай вышыні ніякіх абрысаў Беларусі не відаць, толькі глухія сцены масіўнай скрыні музея, размаляваныя палоскамі і ўпрыгожаныя эклектычнымі бронзавымі барэльефамі ды вялікім вітражом з выявамі буслоў на фоне вялікага дзяржаўнага сцяга. 

Контуры Беларусі ў плане музея можна счытаць толькі з птушынага палёту. 

Зрэшты, для самога Лукашэнкі агляд уласных уладанняў з верталёта зусім не праблема, так што цалкам зразумела, на чыё ўспрыманне арыентаваліся праекціроўшчыкі «Мінскпраекта». Гэта не першы ідэалагічны «бёрдшыт», які вырашылі пабудаваць у Беларусі ў апошнія гады. Напрыклад, на Буйніцкім полі пад Магілёвам плануюць узвесці музей Вайсковай Славы ў выглядзе савецкага ордэна Айчыннай вайны.

Але нават у параўнанні з магілёўскім праектам сталічны выглядае халтурна.

Архітэктары звярнулі ўвагу на некалькі прыкмет, якія сведчаць, што ідэю пасадзіць музей у гэтым месцы прыдумалі ў апошні момант, можа быць, за дзень ці два да прэзентацыі Лукашэнку.

Праект Парка народнага адзінства, прэзентаваны ў сакавіку 2024 года.

Парк народнага адзінства насупраць Палаца Незалежнасці задумалі стварыць яшчэ ў жніўні 2023 года. У сакавіку 2024 года мінчукам прапаноўвалі прыняць удзел у абмеркаванні гэтага праекта. Тады тэрыторыя парку абмяжоўвалася тэрыторыяй закрытага «Дрымлэнда».

Ландшафтная кампазіцыя «Беларусь» з праекту Парка народнага адзінства, прэзентаванага ў пачатку года. 

Цэнтральнай часткай парку мусіла стаць ландшафтная кампазіцыя «Беларусь», якая паўтарала контуры краіны, унутры якіх мусілі быць створаны паменшаныя копіі беларускіх рэк, азёр, лясоў ды галоўных дарог. У больш простым варыянце Беларусь у мініяцюры Лукашэнка ўжо рэалізаваў у сваёй рэзідэнцыі ў Александрыі.

Мяркуючы па новых матэрыялах, прадстаўленых публіцы, за паўгода парк разросся ўдвая, захапіўшы пустку за будынкам Вярхоўнага суда.

Аўтары праекта максімальна падрабязна распланавалі ўсю гэтую тэрыторыю. Але будынак новага Нацыянальнага гістарычнага музея, пасаджаны ў парку, кантрасна вылучаецца сваёй непрапрацаванасцю. І гэта пры тым, што Лукашэнку прэзентавалі не парк, а менавіта музей.

Планаў парка з новым музеем насамрэч два. У першым вакол музея вялікае паўкола, на месцы якога была ландшафтная кампазіцыя «Беларусь». 

Другі варыянт планіроўкі парка, відаць, ужо ўлічваў магчымасць з'яўлення музея, але рэндары рабіліся па старым варыянце з паўколам. 

Выглядае так, што з контураў ландшафтнай кампазіцыі «Беларусь» проста «паднялі» аб’ём будынку музея, на сцены якога наклалі самую простую тэкстуру, а шэсць бронзавых кампазіцый, як і скульптуру перад уваходам, проста прыфаташопілі.

З рэндараў новага будынка Нацыянальнага гістарычнага музея ў спешцы не паспелі нават прыбраць фрагменты карты Беларусі. 

На адным з рэндараў за будынкам музея можна пабачыць кавалкі старога варыянту з міні-Беларуссю, якія не паспелі прыбраць — дарожкі, якія мусілі паказваць буйныя дарогі, і пляцоўкі, якімі пазначаліся гарады Брэст, Гродна і Мінск.

Халтуру ў праекце выдае і адсутнасць хоць якога-небудзь дэталізавання. Акрамя глухога аб’ёму, назвы над уваходам і вялікага сцяга ў ім нічога няма. Уся аўтарская задума абмежавалася неарыгінальным паўтарэннем абрысаў краіны.

Уваходная група ў парк у старым праекце. Як выглядае праца архітэктараў, калі ім даюць досыць часу.

Разам з паркам паўгода таму прэзентавалася і ўваходная група, яна выглядае ў разы больш прапрацаванай, сучаснай і лаканічнай. А для нацыянальнага музея не замарочваліся ні формай, ні фактурай, ні сілуэтам.

Уваходную групу, дарэчы, таксама замянілі: замест сціплай геаметрычнасці старога варыянта — пампезныя залатыя калоны ў выглядзе калосся, на якіх ляжаць стылізаваныя крылы невядомай птушкі з дзяржаўным гербам замест галавы і тэкстурай арнамента на верхняй паверхні, якую ніхто з зямлі не ўбачыць.

Уваходная група ў новай канцэпцыі. Як выглядае праца архітэктараў, калі ім не даюць часу.

Для старога варыянту яўна прадумвалася форма, ракурсы, на рэндарах старанна выстаўлялася святло і падбіраўся антураж — гэта відаць па якасці архітэктуры і карцінкі. Не трэба тлумачыць, колькі часу на гэта пайшло.

А для новага быў выбраны прынцып «і так пойдзе!» — грубыя формы, грубае афармленне, выпадковыя ракурсы. Усё ж заказчык зусім не патрабавальны да эстэтычных момантаў, для яго куды больш важныя паслужлівасць і спрытнасць у выкананні загадаў.

Нават вялікія вітражы на ўваходзе, твар усяго праекту, як заўважаюць архітэктары, ніхто не прапрацоўваў. Проста ўставілі ў 3D-мадэль стандартны вітраж з бібліятэкі, не знайшоўшы часу хоць трохі скарэктаваць стойкі і перакладзіны, размяшчэнне якіх выглядае абсалютна выпадковым. На некаторых рэндарах нават адлюстраванне ў вітражы дамалёўвалі ўручную. 

Усё выдае спешку ў праекце: на вітражы на ўваходзе дамалёўвалі адлюстраванне пліткі, перад уваходам замазвалі скульптуру і малявалі новыя цені для чалавечкаў, на пярэдні план патрыятычна прыляпілі флагшток са сцягам.

Прычыну такой халтуры, якой не дапусціць аніводны архітэктар, які сябе хоць трошкі паважае, бачаць у аўральнай спешцы, звыклай для лукашэнкаўскіх праектаў у рэгіёнах. Але для сталіцы гэта нешта новае.

У праекціроўшчыкаў проста не было выбару, бо трэба было сёння нешта зрабіць, каб заўтра ўжо маглі нешта пакласці на стол Лукашэнку. «Нешта» і паказалі.

Цяпер вакол скрыні музея, якая з’явілася ў час спешкі, чыноўнікі будуць насіцца як з пісанай торбай, бо яе асабіста зацвердзіў іхні галоўны начальнік, бясспрэчны аўтарытэт па ўсіх пытаннях, а сам парк нанова перапраектуюць з улікам нечаканага з’яўлення новага аб'екта.

Замест цікавага архітэктурнага праекта атрымалася халтура, зробленая на каленцы.

Ідэя з новым будынкам для гістарычнага музея не новая, яна перыядычна ўсплывае ўжо шмат год. То музей хочуць перанесці на невялікі пляц каля музея Вялікай Айчыннай вайны, то адвесці пад яго частку музейнага квартала ў гістарычным цэнтры.

Цяперашні праект выглядае як імпульсіўнае жаданне Лукашэнкі пакінуць па сабе нейкі памятны аб’ект, які стане ўвасабленнем і ўмяшчальняй новай дзяржаўнай ідэалогіі і новага нацыянальнага пантэона. Быццам бетонныя сцены і шкло вітрын лепш зберагуць ягонае стварэнне, чым людзі, якія прыйдуць пасля яго.

Пытанні выклікае толькі надзвычайная спешка, з якой гэты праект Лукашэнку прэзентавалі, быццам яго падціскае час.

{DONATE_PAYPAL}

Лукашэнку прэзентавалі нацыянальную канцэпцыю айчыннай гісторыі. «Аб'ектыўна і нічога не скажаючы»

Для сабачак і коцікаў. Ці засяліліся ў новую рэзідэнцыю Лукашэнкі дабрачынныя фонды?

Чалы: Чым даўжэй Лукашэнка марудзіць з выбарамі, тым больш аргументаў, каб яму не ісці

Nashaniva.com