Вольга Такарчук пра развод і былога мужа: Ён не ведаў, што мы ўцякаем, для яго гэта быў шок
У новым выпуску ТОКу блогерка Вольга Такарчук расказала пра прычыны свайго разводу і апісала мужчыну мары.
10.09.2024 / 08:00
Вольга Такарчук. Скрын відэа: TOK_talk / YouTube
Як адзначае Вольга Такарчук, асноўная прычына яе разводу не звязана з палітыкай.
«Гэта былі нашыя з ім унутраныя справы. Трохі нейкае неразуменне», — гаворыць жанчына і тлумачыць, што зняволенне вельмі моцна змяніла яе.
«Я моцна пасталела, стала на нейкі новы ўзровень развіцця. А былы муж застаўся трохі ў тым наіўным свеце, у якім мы з ім жылі да 2020 года. У нас з ім было ўсё добра. Была сям'я, вясёлае баўленне часу. Летам на дачу. Гэта нейкі ружовы свет, дзе поні лётаюць.
Пасля турмы ружовага свету няма, поні няма. У мяне ёсць суворая рэальнасць — што я адседзела, не бачыла дзяцей. Я выйшла і ведаю, колькі маіх сябровак і блізкіх мне людзей засталося там».
Такарчук расказвае, што пасля вызвалення жыла ў вечным страху, баялася, што за ёй зноў могуць прыйсці. А муж застаўся ў свеце з ружовымі поні.
Жанчына не мае ніякіх прэтэнзій да свайго былога мужа, называе яго «бязмежна харошым». А цяперашнія адносіны з ім характарызуе як цёплыя.
«У нас 13 гадоў пражытых разам. Двое дзяцей. Я яму бязмежна ўдзячная за гады, пражытыя з ім, за дзяцей, за тое, што мы засталіся ў такіх адносінах», —
гаворыць Такарчук і заўважае, што паступіла са сваім мужам не вельмі прыгожа, калі нічога не паведаміла аб тым, што сабралася ўцякаць з дзецьмі.
«Ён пра гэта не ведаў. У сілу бяспекі, каб мы маглі ўцячы, я не магла нікому расказаць. Нават яму. Таму ён не развітаўся з дзецьмі. І зразумела, для яго гэта таксама быў шок. Таму што вечарам у яго сям'я ёсць, а ранкам яе няма».
Вольга выказвае ўдзячнасць былому мужу за тое, што ён яе зразумеў, і спадзяецца, што і ў яе, і ў яго ў жыцці ўсё складзецца.
«Развод — гэта цяжка», — адзначае Такарчук і дадае, што не вельмі была да яго падрыхтаваная.
На просьбу апісаць мужчыну сваёй мары, Вольга Такарчук адказала:
«Цябе павінна зачапіць, у цябе павінна нешта ёкнуць, ты павінен адчуць, што табе з гэтым чалавекам цікава».
Для Вольгі вельмі важна, каб з мужчынам было весела, а таксама, «каб пасаваў пах».
«Калі я абдымаю чалавека, я разумею, што гэта маё. Мне павінна быць з ім камфортна. Я павінна ведаць, што мяне выслухаюць, зразумеюць, з маімі тараканамі прымуць», —
дзеліцца Вольга і прызнаецца, што часам бывае складаным чалавекам.
Глядзіце цалкам:
Такарчук: Я прашу маму і ўсіх прашу пісаць на памілаванне. Трэба выйсці любой цаной
Развод бацькоў аказвае працяглы негатыўны эфект на ўзровень жыцця дзяцей — навукоўцы