Кіраўніца інтэрнэт-праектаў АНТ распавяла, чаму раптоўна звольнілася ў 2022 годзе і як з'ехала ў Аўстралію

Звальненне з АНТ Святланы Ціханавай, якая адпрацавала на канале каля 10 гадоў, здзівіла нават яе родных. Цяпер яна распавяла, якую ролю ў тым рашэнні сыграў беларускі санаторый і пляшачка каньяку.

10.09.2024 / 19:35

Дзявочае прозвішча Святланы — Блажэй. Яна працавала на АНТ шмат гадоў — прыйшла туды яшчэ калі вучылася на факультэце журналістыкі БДУ. Пасля таго, як дзяўчына стала прэс-сакратаркай канала, яе адправілі вучыцца ў Акадэмію кіравання, дзе яна атрымала другі дыплом у 2019 годзе. Павышэнне было не за гарамі: у 2020 годзе Ціханава ўзначаліла дырэкцыю інтэрнэт-праектаў.

Расказваючы пра поспехі дырэкцыі, яна адзначыла інтэрв'ю Марата Маркава з Раманам Пратасевічам, якое сабрала шмат праглядаў у інтэрнэце.

У адказ на пытанне пра працу пасля фальсіфікаваных выбараў 2020 года і масавых рэпрэсій, якія за тым пачаліся, Святлана парыравала:

«Я ўдзячная людзям са сваёй дырэкцыі, якія засталіся і працягвалі працаваць, нягледзячы на ціск. Мы пабывалі на вайне — без страт, вядома, не абышлося, перамога яшчэ не здабытая, але мы сапраўды сталі мацнейшыя духам».

Але ў звычайным жыцці Ціханава была настроеная менш аптымістычна. На сваіх закрытых старонках у сацыяльных сетках яна скардзілася на тое, як шмат людзей ад яе адвярнулася праз палітычныя погляды. А тым сябрам, што засталіся з ёй, плакалася, як ёй маральна складана працягваць працаваць на АНТ. І адначасова абстаўляла новую кватэру.

Пра тое, што адбывалася ў прыватным жыцці, Святлана цяпер расказвае ў інстаграме, які нарэшце вырашыла зрабіць адкрытым.

Няўдалы шлюб, развод і працяглы раман, які, па словах дзяўчыны, для яе быў як чамадан без ручкі: і кінуць шкада, і несці цяжка.

І вось у такой сітуацыі Святлана не прыдумала нічога лепшага, акрамя як паехаць у санаторый на Нарач. Там яна пазнаёмілася з вельмі актыўнай жанчынай, якую звалі Ала. Неяк увечары за сяброўскай гутаркай пад каньяк Ала пачала настойваць, каб Святлана зарэгістравалася на сайце знаёмстваў.

Тут трэба адзначыць, што ў Святланы ўжо быў негатыўны вопыт пошуку хлопца на сайце знаёмстваў. Яна пісала ў блогу, што пасля Badoo была ўпэўнена, што там сядзяць выключна вычварэнцы: «Дыяпазон прапановаў уражваў: ад кахання за грошы да просьбы панюхаць мае ступні (таксама не бясплатна)».

Але ж у выніку Святлана ўсё ж саступіла новай знаёмай і зарэгістравалася на сэрвісе Mamba.

— І вось у адной руцэ ў мяне тэлефон, у другой — каньяк. Я рэгіструюся на сайце знаёмстваў. Сяброўка прапанавала выбраць краіны, мужчын з якіх мне будуць паказваць. Выбірала краіны яна: Аўстралію, Швейцарыю і ЗША.

Святлана прызнаецца, што ў той момант усё здавалася ёй жартам, яна смяялася з таго, што адбываецца. Яна загрузіла адно фота з Рыма, дзе выглядала вельмі расслабленай і вясёлай, і лайкнула нейкіх трох адвольных мужчын. Але ранкам Святлана са здзіўленнем пабачыла паведамленне ад хлопца з Аўстраліі — яго звалі Вадзім.

— Думаю: «Не, ну хопіць. Учора пасмяяліся, але якая Аўстралія? Дзе Беларусь, а дзе Аўстралія?».

Але ўсё ж вырашыла, што не адказваць будзе неяк няветліва. Пачалася перапіска, некалькі месяцаў Святлана па-сяброўску размаўляла з тым хлопцам.

— Тут ён раптам дасылае мне букет маіх любімых белых руж. І я разумею: «Здаецца, усё сур'ёзна». І ён ставіць мяне перад фактам, што прыедзе ў Мінск. Мы пачынаем планаваць, ужо нейкае прадчуванне…

Але Аўстралія праз каранавірус зачыніла мяжу, вандроўку прыйшлося перанесці на невядомы час. Пара працягнула перапісвацца і стэлефаноўвацца праз Skype — нават з бацькамі Вадзіма яна знаёмілася праз гэту праграму.

Як толькі з’явілася навіна пра тое, што Аўстралія адчыніла мяжу, каханы набыў квіток у Беларусь.

— Ляцеў двое сутак, рэйсаў пасля кавіду было мала. Шлях з Аўстраліі ў Беларусь быў праз Кітай, Фінляндыю і Расію. Памятаю, як сярод ночы тэлефанавала прэс-сакратару памежнай службы і пыталася, ці пусцяць каханага без візы па аўстралійскім пашпарце. Высветлілася, што не.

Але ж у Вадзіма быў яшчэ і малдаўскі пашпарт, які ён і паказаў у Маскве — інакш яго б наўпрост дэпартавалі б.

— Памятаю, стаю я і чакаю яго з шарыкам у выглядзе сэрца. Чакаю 15 хвілін, 30, гадзіну! Усе пасажыры выйшлі, а яго няма. Высветлілася, што згубілі ягоны багаж. І пакуль ён там запаўняў заяву на вышук, у мяне сэрца сышло ў пяткі.

Закаханыя паехалі ў той самы санаторый, дзе некалі каньяк натхніў Святлану зарэгістравацца на сайце знаёмстваў. У яе дзень нараджэння Вадзім вырашыў зрабіць дзяўчыне прапанову рукі і сэрца (гэта быў яго пяты дзень у Беларусі).

Для таго, каб усё было як у кіно прыгожа, малдаванін-аўстраліец спрабаваў знайсці прыстойны рэстаран у Мядзельскім раёне — але для беларускай правінцыі, да яшчэ і зімой не ў сезон, гэта задача з зорачкай.

— Я загугліла рэстаран, дзе на фота мужчына ляжаў на нейкай лавачцы. Вадзіма гэта ўсё так уразіла, што ён адмовіўся ад ідэі з пошукам рэстарану.

У выніку хлопец проста дачакаўся моманту, калі каханая выйдзе з душу з ручніком на галаве, стаў на калена і прапанаваў стаць ягонай жонкай. Святлана з радасцю пагадзілася. Але пасля таго, як жаніх з’ехаў, скацілася ў дэпрэсію і адначасова выгарала на працы. Спачатку папрасілася ў свой самы працяглы ў працоўным жыцці адпачынак, а потым звольнілася «ў нікуды». Кажа, што ў той час шмат займалася спортам, вучылася і думала пра будучыню. А тут якраз ёй далі аўстралійскую візу.

У студзені 2022 года Святлана паляцела ў Аўстралію — як яна кажа, з двума чамаданамі. Гэта стала шокам нават для яе бацькоў і сяброў, бо дзяўчына амаль нікому не казала пра планы — баялася сурочыць.

Так былая ўдарніца лукашэнкаўскай прапаганды трапіла ў аўстралійскі Брысбен, дзе стала жонкай Вадзіма. Напрыканцы 2023 года Святлана знайшла працу ў найбуйнейшай у свеце горназдабыўнай кампаніі BHP. Працуе дзяўчына на пазіцыі project support і займаецца стварэннем прэзентацый, робіць відэа для карпаратыўнага партала, піша тэксты.

Нядаўна Святлана прыехала ў адпачынак у Беларусь. Цяпер яна захапляецца невялікімі беларускімі коштамі (што не вельмі складана рабіць, калі ты атрымліваеш аўстралійскую зарплату). Яна расказвае падпісчыцам, што ў Аўстраліі штомесяц выдаткоўвае на свой неабходны мінімум б’юці-працэдур $1000.

Таксама дзяўчына атрымлівае асалоду ад беларускіх прадуктаў — асабліва ад айчыннага зефіру, халвы і малочнай каўбасы, якіх у Аўстраліі няма. Святлана распавядае, што калі ў Беларусі часцей за ўсё абедала ў кафэ, а вячэрала ў рэстаране ці замаўляла дастаўку, то ў Брысбене пачала варыць тварог, пячы дранікі і рабіць квашаную капусту.

Былая супрацоўніца прапаганды шчыра прызнаецца, што ўжо не лічыць сваім домам Беларусь, бо нават кватэры ў Мінску ў яе ўжо няма.

«Перамога яшчэ не здабытая». Кіраўніца інтэрнэт-праектаў АНТ звольнілася. І пераехала жыць у Аўстралію

Былая супрацоўніца СТБ: Азаронак адным з першых скінуўся грашыма аператару на Акрэсціна, а Пуставы справаздачыўся маме, што паеў

Дзе цяпер жонка афіцэра Юлія Арцюх? Шмат цікавага

Nashaniva.com