Вучоныя расказваюць, як простая змена ў рацыёне харчавання можа палепшыць стан скуры і імунітэт

Для гэтага вам спатрэбіцца морква. 

15.09.2024 / 10:58

Фота: Hana Mara / pexels.com

Вядома, што караціноіды — прыродныя арганічныя пігменты, якія надаюць яркі колер шмат якой садавіне і гародніне — дапамагаюць абараніць клеткі ад пашкоджанняў і знізіць рызыку развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў і некаторыя віды раку. Высокі ўзровень караціноідаў у скуры звязаны з паляпшэннем яе стану і абаронай ад шкоднага ўздзеяння ўльтрафіялетавых промняў.

Як піша SciTechDaily, ранейшыя даследаванні паказалі, што ўзровень караціноідаў у скуры можна павялічыць, спажываючы ў тры разы больш за рэкамендаваную порцыю садавіны і гародніны кожны дзень на працягу трох тыдняў.

Новае даследаванне вучоных Стэндфардскага ўніверсітэта прадэманстравала, што невялікая і простая змена ў рацыёне харчавання — уключэнне маладой морквы ў якасці перакусу тры разы на тыдзень — прыкметна павышае ўзровень караціноідаў у скуры маладых людзей. Паказчык вырас яшчэ больш, калі моркву злучылі з полівітамінамі, якія ўключаюць бэта-карацін.

Для свайго даследавання вучоныя выпадковым чынам размеркавалі 60 маладых людзей на чатыры групы.

На працягу чатырох тыдняў першая група перакусвала лустачкамі яблыкаў гатунку Грэні Сміт (кантрольная група), другая — маладой морквай (роўна 100 г на порцыю). Трэцяя група прымала полівітамінны дадатак, які ўтрымлівае бэта-карацін, а чацвёртую праінструктавалі есці маладую моркву і адначасова ўжываць вітамінны комплекс з бэта-карацінам.

Перад пачаткам і па завяршэнні эксперыменту навукоўцы ацанілі ўзровень караціноідаў у скуры кожнага добраахвотніка.

Вынікі паказалі, што ў тых, хто еў толькі маладую моркву, гэты паказчык павялічыўся на 10,8%. А вось у групе, дзе морква спалучалася з прыёмам полівітамінаў, якія ўтрымлівалі бэта-карацін, узровень караціноідаў быў удвая большым — 21,6%. У ўдзельнікаў двух астатніх груп ніякіх змен у скуры не было заўважна.

У далейшым вучоныя плануюць даследаваць механізм, які прыводзіць да такіх вынікаў, а таксама вывучыць уплыў на колькасць караціноідаў у скуры іншых прадуктаў, багатых імі.

Як аднавіць скуру пасля лета? Асноўныя правілы

Цыбуля не толькі ежа, але і добры сродак для вырашэння праблем са скурай

Названыя тры прадукты, абавязковыя для штодзённага ўжывання

Здаровы абед: што даць дзіцяці з сабой у школу

Антось Жупран