У Дрэздэне абрынуўся мост праз Эльбу. Гэта можа пагражаць паводкай

У горадзе Дрэздэне на ўсходзе Германіі ў ноч на 11 верасня абрынулася частка моста Карола над ракой Эльбай. Паводле папярэдніх даных, гэта адбылося ў раёне трэцяй гадзіны ночы, паведамляе Deutsche Welle.

11.09.2024 / 19:49

Улады Дрэздэна заявілі, што ў выніку інцыдэнту ніхто не пацярпеў, аднак рух аўтамабіляў і суднаў па Эльбе будзе прыпынены на нявызначаны тэрмін.

Як перадаюць інфармагенцтвы, у выніку абвальвання моста прарвала трубы з гарачай вадой, якія праходзілі па ім, і ўвесь горад на пэўны час застаўся без цэнтральнага цеплазабеспячэння.

Сітуацыя ўскладняецца тым, што акурат цяпер у горадзе чакаюць працяглых дажджоў. Спецыялісты лічаць, што ў такой сітуацыі яны могуць прывесці да паводкі, паколькі секцыі моста, якія зваліліся ў ваду, будуць дзейнічаць як плаціна. Па словах метэаролагаў, вада з Эльбы можа трапіць у Стары горад і затапіць гістарычны цэнтр.

Пажарная каманда з Дрэздэна ўжо рыхтуецца да магчымага разліву Эльбы. Паводка можа значна ўскладніць работы па ачыстцы ракі пасля частковага абвальвання моста.

«З панядзелка ў Дрэздэне чакаецца высокі ўзровень вады, і на гэтым мосце ўтвараюцца значныя заторы, таму рэшткі моста варта прыбраць як мага хутчэй», — сказаў выданню Bild кліматолаг Карстэн Брандт з кампаніі Donnerwetter.

Мост Карола — адзін з чатырох мастоў, якія перасякаюць Эльбу ў цэнтры Дрэздэна. Яго адкрылі ў 1895 годзе, але ўзарвалі ў канцы Другой сусветнай вайны, каб спыніць наступ Савецкай Арміі. Адноўлены мост быў у 1971 годзе.

Еўрасаюз гатовы цалкам адмовіцца ад расійскага газу

У Нямеччыне знайшлі скрадзены трактар ​​«Беларус». Злодзеі перафарбавалі яго — новы колер прывёў гаспадароў у шаленства

Было 430 тысяч — стала 90 тысяч. Як па дарозе з Еўрасаюза ў Беларусь машыны губляюць сотні тысяч кіламетраў прабегу

Nashaniva.com