Зяленскі абмеркаваў з Блінкенам і Лэмі пытанне ўдараў па Расіі дальнабойнай зброяй. Вялікабрытанія ўжо згодная?
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сустрэўся ў Кіеве з дзяржаўным сакратаром ЗША Энтані Блінкенам і міністрам замежных спраў Вялікабрытаніі Дэвідам Лэмі. Сярод іншых пытанняў абмяркоўвалася справа атрымання дазволу на правядзенне ўдараў заходняй дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расіі.
11.09.2024 / 22:08
Злева направа — Энтані Блінкен, Уладзімір Зяленскі і Дэвід Лэмі. Фота: AP Photo/Mark Schiefelbein, Pool
Зяленскі назваў праведзеную размову «вельмі змястоўнай і працяглай» і адзначыў, што падчас яе атрымалася абмеркаваць «усе ключавыя пытанні» — у тым ліку і дальнабойную зброю.
Энтані Блінкен, у сваю чаргу, паабяцаў перадаць прэзідэнту ЗША Джо Байдэну пажаданні ўкраінскіх уладаў адносна ўдараў амерыканскай зброяй па тэрыторыі Расіі.
У той жа час газета The Guardian паведаміла, што Вялікабрытанія нібыта ўжо вырашыла дазволіць Украіне наносіць удары сваімі дальнабойнымі ракетамі Storm Shadow па расійскай тэрыторы.
Выданне са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе піша, што, нягледзячы на тое, што рашэнне ўжо прынятае, пра яго ўсё ж не будуць абвяшчаць у пятніцу па выніках сустрэчы брытанскага прэм'ера Кіра Стармера з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам.
Па словах суразмоўцаў газеты, сумесны візіт Блінкена і Лэмі ў Кіеў увогуле не адбыўся б, калі б станоўчага рашэння па выкарыстанні заходніх дальнабойных ракет для ўдараў па тэрыторыі Расіі не было прынята.
ЗША гатовыя дазволіць Украіне ўдары дальнабойнымі ракетамі па Расіі
Былы міністр абароны Вялікабрытаніі прапанаваў выставіць ультыматум Пуціну
ЗША ўзгаднілі перадачу Украіне крылатых ракет вялікай далёкасці для F-16 — Reuters