Хто вінаваты, калі матацыклісту не саступаюць дарогу і гэта прыводзіць да смяротнай аварыі? Вось што паказвае практыка

Аварыю ў Магілёве, у якой загінуў 27-гадовы даішнік Мікіта Ісачкоў, актыўна абмяркоўваюць у інтэрнэце. Сітуацыі, калі матацыклісты сутыкаюцца з транспартам, які паварочвае налева — з'ява даволі распаўсюджаная. Нярэдка падобныя ДТЗ прыводзяць да смяротнага выніку. Паглядзелі, каго прызнавалі вінаватым у такіх аварыях.

15.09.2024 / 07:00

Наступствы аварыі, фота УУС Магілёўскага аблвыканкама

Не ўсё так адназначна

Нагадаем, рэзананснае ДТЗ адбылося ў Магілёве 7 верасня 2024 года. Мікрааўтобус Ford Transit паварочваў налева і не прапусціў сустрэчны матацыкл Yamaha, якім кіраваў 27-гадовы інспектар ДАІ Мікіта Ісачкоў. Малады чалавек памёр на месцы аварыі.

У Беларусі было нямала аварый, калі немагчыма адразу вызначыць, што паслужыла трагедыі: няпропуск матацыкла машынай, якая ажыццяўляе манёўр, або перавышэнне хуткасці матацыклістам.

@nashanivanews Магілёўскі даішнік-байкер загінуў у 27 гадоў на сваім матацыкле #могилев #гаи #гаишник #милиция #полиция #суд #судья #приговор #мотоцыкл #мотоцикл #авто ♬ dźwięk oryginalny - Нашы Навіны

Кожны раз следчым неабходна высвятляць: ці меў кіроўца аўтамабіля, які паварочваў налева, магчымасць своечасова ўбачыць сустрэчны матацыкл і прадухіліць ДТЗ?

Два міліцыянты і матацыкліст

Рэзананснае ДТЗ з удзелам матацыкла і супрацоўнікаў МУС на праспекце Незалежнасці ў Мінску адбылося ў 2012 годзе. Тады байкер урэзаўся ў аўтамабіль патрульнай службы, які пры адключаных святлафорах паварочваў налева з вуліцы Макаёнка.

Байкер загінуў на месцы, супрацоўнікі МУС таксама атрымалі траўмы.

Экспертыза тады вызначыла, што хуткасць матацыкла пры сутыкненні складала 144,8 км/г. Ён і быў прызнаны вінаватым.

Матацыкліст і аўтобус

У маі 2020 года ў прыгарадзе Бабруйска сутыкнуліся матацыкл і гарадскі аўтобус, які паварочваў налева. 21-летні матацыкліст на Honda VFR800 загінуў.

Фота: bobruisk.news

Адразу пасля аварыі паўстала нямала спрэчак аб віне ўдзельнікаў сутыкнення.

Транспартная інспекцыя стала на бок загінулага матацыкліста. Да таго ж праверка паказала, што кіроўца МАЗа не выконваў рэжым працы і адпачынку.

«Гэта, у сваю чаргу, магло паўплываць на зніжэнне канцэнтрацыі ўвагі кіроўцы аўтобуса», — палічылі ў Транспартнай інспекцыі.

Фота: bobruisk.news

Аднак канчатковае рашэнне было іншым: кіроўцу аўтобуса прызналі невінаватым у смяротным ДТЗ.

Па выніках расследавання было вызначана, што прычынай ДТЗ стала тое, што матацыкліст перавысіў хуткасць і дапусціў сутыкненне з аўтобусам. У сувязі са смерцю маладога чалавека крымінальная справа была спынена.

Матацыкл супраць фуры

Яшчэ адно падобнае ДТЗ адбылося 24 верасня 2023 года ў Баранавічах. У выніку сутыкнення загінулі два чалавекі з матацыкла: кіроўца і пасажыр.

І тут таксама суд прызнаў вінаватым загінулага матацыкліста, а не кіроўцу фуры, які пры павароце налева не прапусціў яго.

Падчас следства было вызначана, што матацыкліст значна перавысіў максімальна дазволеную хуткасць (60 км/г) і разагнаўся больш чым да 100 км/г.

Фота: t.me/pressmvd

У судзе палічылі, што матацыкліст мог і павінен быў прадбачыць магчымыя небяспечныя наступствы сваіх дзеянняў і што ў яго была магчымасць заўважыць цягач, які заехаў на яго паласу руху, і своечасова затармазіць.

Не толькі матацыклы, але і скутары

Яшчэ адзін трагічны, але даволі цікавы з юрыдычнага пункту гледжання выпадак — ДТЗ у Гродне з удзелам скутарыста і легкавіка Mercedes.

Летам 2016 года кіроўца Mercedes пры павароце налева не саступіла дарогу скутарысту на Aprilia. Мужчына ўрэзаўся ў Mercedes і ад атрыманых траўм памёр на месцы.

Фота: ДАІ Гродна

Крымінальную справу па факце смерці 32-гадовага матацыкліста ў Гродне расследавалі амаль два гады і ўрэшце вырашылі закрыць праз адсутнасць складу злачынства.

Такія вынікі не задаволілі сваякоў загінулага. Пасля звароту ў Генеральную пракуратуру справу аднавілі. Урэшце дзяўчына-кіроўца Mercedes атрымала два з паловай гады калоніі-пасялення. Апроч гэтага, яна павінна была заплаціць кампенсацыю пацярпелым у памеры 45 тысяч рублёў.

Варта адзначыць, што ў адрозненні ад вышэйапісаных ДТЗ з удзелам матацыклістаў, якія вельмі моцна перавысілі хуткасць, у гэтым выпадку ў аварыю трапіў не матацыкл, а скутар. Такі транспарт праз свае тэхнічныя характарыстыкі не можа разганяцца гэтак жа хутка, як спартыўныя матацыклы.

Выжыў, але астаўся без нагі

Зусім свежы прыклад таго, калі матацыкліста прызналі вінаватым, таксама адбыўся ў Гродне. 16 чэрвеня 2024 года ў абласным цэнтры сутыкнуліся аўтамабіль BMW і матацыкл Honda.

Фота: grodno.mvd.gov.by

У выніку ДТЗ матацыкліст быў шпіталізаваны, яму ампутавалі нагу.

Гэты выпадак адрозніваецца ад папярэдніх не толькі тым, што матацыкліст выжыў. Тут кіроўца аўто не паварочваў налева. Транспартныя сродкі рухаліся ў адным кірунку. Кіроўца BMW пры перастраенні ў правую паласу руху сутыкнуўся з матацыклам Honda, які рухаўся ў спадарожным кірунку.

Фота: grodno.mvd.gov.by

Было вызначана, што BMW рухаўся з хуткасцю 128 км/г. Але матацыкл на момант сутыкнення ўвогуле ляцеў з хуткасцю 177 км/г! Вінаватым у ДТЗ прызналі кіроўцу матацыкла.

Каго могуць прызнаць вінаватым ў гібелі даішніка?

Апісаныя вышэй выпадкі паказваюць, што далёка не заўжды вінаватым прызнаюць кіроўцу транспартнага сродку, у які ўразаецца матацыкл.

Момант сутыкнення патрапіў на відэа. На ім бачна, што матацыкл рухаўся на даволі высокай хуткасці. Каментатары ў інтэрнэце выказваюць меркаванне, што яна дасягала 80-100 км/г. Але ў любым выпадку дакладную лічбу мусіць вызначыць экспертыза.

Але ў выпадку са здарэннем у Магілёве не ўсё так проста і не толькі таму, што загінулы матацыкліст быў інспектарам ДАІ. Па-першае — кіроўца Ford з'ехаў з месца здарэння. Па-другое, у СК паведамляюць, што на момант затрымання 44-гадовы мужчына быў п'яны.

Nashaniva.com