Загінуў 27-гадовы інспектар магілёўскай ДАІ — ляцеў на матацыкле, але кіроўца на бусе не прапусціў яго
Інтэрнаўты падзяліліся ў меркаванні, хто больш вінаваты ў трагедыі.
7 верасня на скрыжаванні вуліц Лазарэнкі і Бурдэнкі ў Магілёве адбылася смяротная аварыя. 44-гадовы кіроўца буса Ford паварочваў налева і не саступіў дарогу матацыклісту на Yamaha. У выніку сутыкнення байкер загінуў на месцы здарэння.
Кіроўца буса з’ехаў, але яго хутка знайшлі. На момант затрымання ён быў п’яны. Ён патлумачыў, што ўжыў алкаголь ужо пасля аварыі, гэта версія цяпер правяраецца.
Загінулы байкер — 27-гадовы інспектар магілёўскай абласной ДАІ Мікіта Аляксандравіч Ісачкоў. Пра яго смерць без пазначэння абставінаў напісала міліцэйская газета «На страже».
Чытайце: Загінуў інспектар магілёўскай абласной ДАІ. Яму было 27 гадоў
«Люстэрка» знайшло ў адной з суполках «Укантакце» пацвярджэнне таго, што ў аварыі загінуў менавіта ён. Карыстальнік Аляксандр Ісачкоў напісаў, што загінуў яго сын.
Тое, што памерлы байкер — супрацоўнік міліцыі, пацвердзіла і крыніца «Нашай Нівы».
У суполцы «Укантакце», дзе абмяркоўвалася аварыя, паспрабавалі падлічыць, з якой хуткасцю ехаў матацыкліст.
«Чэл за тры секунды праехаў больш за 120 метраў. Гэта больш за 100 км/г. І потым кажуць, што кіроўца не прапусціў… Шкада хлопца, але кожны сам выбірае, як яму жыць», гаворыцца ў самым залайканым каментары.
Мяркуючы па тым, як ён пралятаў дарожныя слупы, можна меркаваць, што Yamaha рухалася з перавышэннем. Дакладную лічбу вызначыць экспертыза, але, хутчэй за ўсё, хуткасць матацыкла складае 80—100 км/г.
Каго прызнаюць вінаватым? Раней у падобных сітуацыях, калі аўтамабіль паварочвае налева і не прапускае сустрэчны транспарт, адназначна прызначалі вінаватым таго, хто не саступіў дарогу. Пасля практыка змянілася. У Беларусі няма прэцэдэнтнага права, але пасля кейса Аляксандра Глеба законы сталі трактаваць іначай.
Нагадаем, у 2004 вядомы футбаліст трапіў у аварыю — на скрыжаванні вуліц Сурганава і Якуба Коласа яго «Аўдзі» паварочвала налева і не саступіла дарогу BMW, які ляцеў насустрач. Пасажыр BMW загінуў.
Было вызначана, што Глеб не мог бачыць сустрэчны аўтамабіль, які ехаў з відавочным перавышэннем хуткасці, а значыць, ён не вінаваты.
Цяпер у большасці выпадкаў вінаватым у падобных аварыях прызнаюць таго, хто значна перавышае хуткасць. Асабліва часта такое здараецца з матацыклістамі. Фармальна у іх перавага, але кіроўцы, якія паварочваюць налева, проста не маюць магчымасці ўбачыць, як на касмічнай хуткасці да іх набліжаецца матацыкл.
Аднак у магілёўскай сітуацыі прыярытэтным можа стаць тое, што кіроўца буса быў п’яны.
Па факце здарэння завялі крымінальную справу.
Каментары