Украіна выкарыстоўвае гульнявую прыстаўку для ваенных мэтаў
З дапамогай партатыўнай гульнявой сістэмы Steam Deck дыстанцыйна кіруюць кулямётнымі сістэмамі на полі бою.
13.09.2024 / 17:11
Выкарыстанне гульнявой кансолі Steam Deck для дыстанцыйнага кіравання баявымі турэлямі. Фота: скрын відэа United24media / Х
Аб незвычайным выкарыстанні партатыўнай кансолі Steam Deck, якая выкарыстоўваецца для такіх папулярных відэагульняў, як Halo, Elden Ring і Stardew Valley, паведамляе Business Insider.
«Мяркуючы па ўсім, Украіна выкарыстоўвае вельмі папулярную сістэму відэагульняў для незвычайнай мэты: дыстанцыйнага кіравання баявымі турэлямі. Выкарыстанне платформы Steam Deck для кіравання беспілотнымі кулямётнымі сістэмамі падкрэслівае ўплыў сучасных тэхналогій на вайну ва Украіне», — адзначана ў публікацыі.
Аўтар матэрыялу спасылаецца на відэа, якое ў сацыяльных сетках распаўсюдзіла ўкраінская дзяржаўная платформа United24 Media.
У відэа адзначаецца, што кансоль выкарыстоўваюць для дыстанцыйна кіруемай баявой турэлі «Шабля», якая была распрацавана ўкраінскімі інжынерамі і ўхваленая для выкарыстання і серыйнай вытворчасці ў пачатку гэтага года. Гэтая сістэма — адзін з першых робатаў на перадавой, які прызначаны для ўтрымання, навядзення і стральбы з кулямётаў.
Выкарыстанне такой сістэмы дазваляе трымаць байцоў далей ад баявых дзеянняў, ратуючы іх жыццё. Акрамя гэтага, «Шабля» абсталявана цеплавізарам і камерамі з шырокім вуглом агляду для вызначэння месца знаходжання ворага і нацэльвання на яго. Яна можа страляць на адлегласць да 5 кіламетраў.
Аўтар удакладняе, што ўпершыню інфармацыя аб выкарыстанні Steam Deck у баявых дзеяннях з'явілася яшчэ ў мінулым годзе.
Украіна стварыла ўласную высокадакладную бомбу
УСУ ўпершыню ўжылі супраць расійскай арміі лётаючы аўтамат Калашнікава