Камандзір «Ахмата» Алаўдзінаў адмовіўся вызваляць з палону чачэнцаў

«Украінцы, пакіньце іх сабе. Яны нам не патрэбныя сто гадоў. І наогул не трэба мне тэлефанаваць», — камандзір «Ахмата» Апці Алаўдзінаў пракаментаваў відэа з палоннымі чачэнскімі вайскоўцамі.

15.09.2024 / 13:00

Па словах Алаўдзінава, здача ў палон з'яўляецца для чачэнца ганьбай, якая змываецца толькі крывёю.

«Чаму вы лічыце, што вас хтосьці павінен наогул выцягваць з палону? — заявіў ён. — Я магу выцягнуць з палону каго заўгодна, але не чачэнцаў, якія добраахвотна здаліся ў палон. Для мяне яны не існуюць. Пакіньце іх сабе, і мне абсалютна без розніцы, што вы з імі зробіце. Я не лічу сябе адказным за іх, таму што яны сышлі са святога шляху», — звярнуўся Алаўдзінаў да УСУ.

«Я вас не паважаю, я не лічу, Вы заслугоўваеце жыцця», — заявіў Алаўдзінаў былым байцам «Ахмата» ў адказ на просьбу выцягнуць іх з палону.

«Вазьміце ручку, цвік, накіньцеся на каго-небудзь і зрабіце ўсё, каб вас забілі. Каб скончыць свой шлях», — дадаў ён.

У жніўні камандзір «Ахмата» Апці Алаўдзінаў апублікаваў відэазварот, дзе назваў «укідам» інфармацыю пра байцоў «Ахмата», якія здаліся ў палон. Ён заявіў, што ніводны баец яго падраздзялення не здаваўся ў палон. 

11 жніўня праект «Хочу жить» апублікаваў відэа з дзясяткамі палонных расіян з Курскай вобласці. У людзей на відэа закрытыя твары. Тры чалавекі заявілі, што яны з Грознага, а адзін з іх — што ён з «Ахмата».

Раней камандзір атрада кадыраўцаў расказаў, чаму яны не спынілі УСУ ў Курскай вобласці: падраздзяленні чачэнскага спецназа «Ахмат», якія ахоўвалі дзяржаўную мяжу Расіі з Украінай, не спынілі ўварванне УСУ, бо тыя проста прайшлі міма іх пазіцый, заявіў камандзір «Ахмата» Апці Алаўдзінаў.

Nashaniva.com