Лукашэнка запрасіў у Беларусь славацкага прэм'ера Фіцу
У 2010-я гады Роберт Фіца ўжо дапамагаў беларускаму палітыку нармалізаваць адносіны з Еўрапейскім саюзам.
15.09.2024 / 17:42
Запрашэнне на «на асабістую сустрэчу» ў Беларусь Аляксандр Лукашэнка перадаў прэм'ер-міністру Славакіі, павіншаваўшы яго 15 верасня з 60-годдзем, перадае «Зеркало» са спасылкай на прэс-службу палітыка.
Прэм'ер-міністр Славакіі Роберт Фіца на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Мінску, 25 лістапада 2016 года. Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі
«У Беларусі ведаюць і шануюць мэтанакіраванасць і энергію, з якімі Вы шмат гадоў адстойваеце інтарэсы сваёй краіны. Вашыя прынцыповасць і імкненне ісці наперад, уменне згуртаваць аднадумцаў, прама і адкрыта выказваць сваё меркаванне — важныя якасці сапраўднага дзяржаўнага дзеяча», — гаворыцца ў віншаванні.
Лукашэнка спадзяецца на «асабістую сустрэчу ў бліжэйшы час для падрабязнага абмеркавання агульных тэм» і будзе рады вітаць еўрапейскага палітыка «на беларускай зямлі».
На пасадзе прэм'ер-міністра Славакіі Фіца знаходзіцца з кастрычніка 2023 года, калі яго партыю SMER-SD падтрымалі 23,3% выбаршчыкаў. У мінулым ён ужо двойчы займаў гэтую пасаду. Фіцу называюць прарасійскім палітыкам: у прыватнасці, ён заяўляў пра намер спыніць ваенную дапамогу Украіне.
Акрамя таго, з пачатку новага прэм'ерства Фіцы Славакія аднавіла культурнае супрацоўніцтва з Беларуссю, спыненае пасля расійскага ўварвання ва Украіну, калі для заходу войскаў і запуску ракет выкарыстоўвалася і тэрыторыя нашай краіны.
Дарэчы, падчас папярэдняга прэм'ерства, у 2016 годзе, Фіца ўжо сустракаўся з Лукашэнкам у Мінску. Тады апошні дзякаваў Славакіі «за нармалізацыю адносін Беларусі і ЕС». Палітыкі абмяркоўвалі сумесныя праекты ў фармацэўтыцы, атамнай энергетыцы, вытворчасці шын, дрэваапрацоўцы, газавай сферы, а таксама ў абароннай прамысловасці.
Прэм'ер Славакіі пахваліў Орбана за візіт у Кіеў і Маскву