Шрайбман патлумачыў, навошта катуюць Калеснікаву і Бабарыку

«Кожны ўмоўны вяртухай не бачыць сэнсу браць на сябе адказнасць за нейкую мяккасць».

15.09.2024 / 20:27

Віктар Бабарыка і Марыя Калеснікава. Фота: «Наша Ніва»

У новым выпуску ютуб-праекту «Гадзіннічак цікае» яго аўтар Жэня Сугак задалася пытаннем, за што ўлады катуюць Віктара Бабарыку, Марыю Калеснікаву і іншых палітвязняў.

«Вы ўжо ўзялі людзей у палон, пазбавілі іх свабоды, перавярнулі жыццё. Навошта вы яшчэ з іх здзекуецеся? Прычым гэта робіць не асабіста Лукашэнка. Гэта робяць работнікі турмаў, начальнікі калоній, людзі, якія там працуюць. Навошта? Чаму ў іх няма кроплі спачування і эмпатыі для таго, каб проста не здзекавацца з людзей?»

Разважаючы над гэтым пытаннем, Арцём Шрайбман заўважыў, што ў цяперашняй сітуацыі «не заўсёды ёсць нейкая злая воля ў фармаце «паздзекуйцеся вось з гэтага чалавека».

На яго думку, шмат у якіх выпадках гэта «механіка працы машыны», у якой быў загад стварыць такія ўмовы, калі некалькі гадоў назад для топавых палітвязняў увялі рэжым інкамунікада.

Арцём Шрайбман. Скрын відэа: chasiki_ / YouTube

«І ні ў каго рука не падымецца адмяніць гэты загад па ўласнай волі ці змякчыць умовы, якія былі калісьці прадыктаваныя зверху для ўсіх самых галоўных палітычных. А далей кожны ўмоўны вяртухай не бачыць сэнсу браць на сябе адказнасць за нейкую мяккасць. «А чаму я павінен?»

Аналітык не выключае і фактару існаванне садыстаў на месцах, але лічыць, што ў большасці людзі думаюць «а навошта? У мяне ёсць рэжым максімальнай нецярпімасці да гэтых людзей. Чаму я буду даваць нейкія паблажкі, за што мне можа прыляцець?».

«Таму што ты таксама чалавек», — заўважыла Сугак.

«Калі ты таксама чалавек, то ты б у гэтай сістэме доўга не пратрымаўся», — упэўнены Шрайбман.

Хуткая для Бабарыкі, хвароба Пачобута. Былы зняволены наваполацкай калоніі расказаў пра стан вядомых палітвязняў

«Сур'ёзна схуднеў, важыць, напэўна, кілаграм 80». Былы палітвязень пра Віктара Бабарыку

«Не можаш ісці? Паўзі». З'явіліся навіны пра Марыю Калеснікаву, Насту Лойку і іншых палітзняволеных з Гомельскай калоніі

Nashaniva.com