У ЗША 26-гадовы педафіл на працягу года хадзіў у адзін клас з падлеткамі. Ніхто не здагадаўся

Цяпер суд яго прыгаварыў да турэмнага зняволення на тэрмін ад 85 да 120 гадоў.

16.09.2024 / 17:20

Ілюстрацыйнае фота: Pixabay / pexels.com/

Ужо звычайным сталі паведамленні аб выкрыцці інтэрнэт-педафілаў, якія ўваходзяць у давер да падлеткаў, выдаючы сябе за іх равеснікаў. Выпадак, які адбыўся ў ЗША, адбыўся ў рэальным жыцці і ў звычайнай школе. 26-гадовы хлопец выдаў сябе за 17-гадовага, хадзіў у школу, знаёміўся з дзяўчатамі і атрымліваў жаданае. Малодшай ахвяры было 13 гадоў.

Як піша The Waschington Post, надзвычайны выпадак адбыўся ў горадзе Лінкальн (штаце Небраска). Мясцовы жыхар Захары Шэйх (Zachary Scheich) маючы рост прыкладна 162 см і хударлявы целасклад, выдаў сябе за 17-гадовага і стаў наведваць школу.

З судовых дакументаў незразумела, якую гісторыю мужчына прыдумаў, каб быць прынятым. Згодна з паказаннямі аднаго з чыноўнікаў сістэмы адукацыі горада, Шэйх паказаў пасведчанне аб нараджэнні, табель паспяховасці, дакументы аб медаглядзе і запісы аб прышчэпках. Як пазней выявілася, усе яны былі падробленымі.

Мужчына спачатку хадзіў у адну з школ на паўночным захадзе горада, а вясной 2023 года з'явіўся ў іншым раёне горада ў школе, якую скончыў у 2015 годзе. У дзвюх дзяржаўных школах горада Шэйх правёў у агульнай колькасці 54 дні з кастрычніка 2022-га па май 2023-га года. Пасля таго, як ён перастаў з'яўляцца на ўроках, справаздачы аб прагулах адпраўляліся на прадстаўлены ім выдуманы адрас.

Згодна з матэрыяламі суда, Захары Шэйх быў вядомы ўсім у школе як Зак Хес (Zach Hess), якому 17 гадоў. Ён актыўна перапісваўся з дзяўчатамі са школы ў сацыяльных сетках, хадзіў на спатканні, дабіваўся сэксуальных кантактаў, а ў некаторых выпадках адпраўляў дзяўчатам грошы і прасіў падзяліцца з імі здымкамі сэксуальнага зместу.

Некалькі такога кшталту паведамленняў і фота сэксуальнага характару паліцыя знайшла ў Шэйха падчас правядзення ператрусу ў ліпені 2023 года.

Мужчына зайшоў так далёка, што сустрэўся з сем'ямі некаторых дзяўчат-падлеткаў. Толькі праз пэўны час некалькі заклапочаных бацькоў паведамілі аб сваіх падазрэннях у паліцыю.

На суду мужчына прызнаў, што выдаваў сябе за падлетка, але адмаўляў абвінавачванні ў тым, што меў сэксуальны кантакт з кім-небудзь з дзяўчат.

Суд прыгаварыў Шэйха да турэмнага зняволення па пяці крымінальных злачынствах на тэрмін ад 85 да 120 гадоў. Як патлумачыў суддзя, такі працяглы тэрмін зняволення абумоўлены некалькімі фактарамі: колькасцю выяўленых ахвяр, іх узростам, уздзеяннем злачынстваў Шэйха і працягласцю часу іх здзяйснення. Мужчына мае права на ўмоўна-датэрміновае вызваленне праз 40 гадоў.

Акрамя гэтага, у справе фігуруе 23-гадовая дзяўчына, якая выдавала сябе за маці Шэйха, калі хадзіла на сустрэчы ў школу. Яна не прызнала сябе вінаватай і заявіла, што Шэйх ёй маніпуліраваў. Яна выпушчана пад заклад і чакае суда.

У Маскве педафіл пад выглядам Улада Бумагі прымусіў дзіця даслаць яму інтымныя фота

Чаму ў Беларусі сталі выкрываць больш педафілаў? Адказвае следчы

Педафілы шукаюць ахвяр на папулярнай стрымінгавай платформе. Яна дазваляе ім назіраць за дзецьмі ў жывым эфіры

Антось Жупран