З’явіўся праект па вяртанні беларускай культурнай спадчыны Maldzis

Maldzis скіраваны на вяртанне культурных каштоўнасцяў Беларусі, вызначэнне «беларускіх мясцін» у свеце, а таксама наадварот — фактам замежнай прысутнасці ў гісторыі Беларусі, піша Budzma.org.

17.09.2024 / 16:38

«Maldzis бачыць сваю місію ў аб’яднанні беларусаў вакол культурнай спадчыны і ўмацаванні вобраза Беларусі як еўрапейскай краіны. Мы лічым, што гэта найлепшы падмурак для пабудовы кансалідаванага грамадства з моцнай ідэнтычнасцю. Ініцыятыва атрымала назву ў гонар дзеяча культуры і навукоўца Адама Мальдзіса, які шукаў і вяртаў з забыцця страчаныя каштоўнасці і імёны Беларусі. Maldzis працягвае гэтую справу», — пішуць аўтары новага праекта.

Адам Мальдзіс. Фота: planetabelarus.by

Хто стварае Maldzis?

Кіраўніком праекту выступае Павел Мацукевіч, былы дыпламат, аналітык «Цэнтра новых ідэй».

Апекуном — Рыгор Астапеня, палітолаг, стваральнік і кіраўнік «Цэнтра новых ідэй».

«Праект быў задуманы каля года таму разам з Рыгорам Астапенем, фактычна рэалізуецца намі ўвесь гэты час непублічна і вось цяпер выходзіць на людзі», — напісаў у сваім тэлеграм-канале Павел Мацукевіч.

Што робіць Maldzis?

Папулярызацыя спадчыны

Каманда стварае карту і гайды з інфармацыяй пра беларускія імёны і славутасці ў замежных краінах, а таксама са звесткамі пра заслужаных іншаземцаў у Беларусі. Ужо ёсць медыйныя прадукты пра выбітныя беларускія постаці і старадаўнія скарбы. Прэзентацыі і лекцыі.

Ушанаванне герояў і падзей

Каманда ўсталёўвае помнікі і шыльды ў гонар выбітных беларусаў і беларусак за мяжой, робіць тэматычныя выставы і мерапрыемствы. Называе беларускім усё, што мае беларускія карані. Шукае і набывае нацыянальныя культурна-гістарычныя каштоўнасці за мяжой для перадачы ў музеі Беларусі.

Прасоўванне культурнай дыпламатыі

Падтрымлівае ідэі і праекты ў галіне культурнай дыпламатыі з фокусам на культурнай спадчыне. Прасоўвае яе як сродак міжнароднага паразумення і паглыблення адносін.

Пакуль на сайце размешчаныя два гайды: «Сцежкамі ВКЛ у Вільні: якія месцы важныя для беларускай гісторыі», а таксама артыкул пра беларускія мясціны ў Швейцарыі.

У рубрыцы «Вяртанне культурных каштоўнасцяў» пазначаныя арыгінальны ліст і кніга вядомага швейцарскага філосафа і гісторыка літаратуры Роберта Зайчыка; справаздача аб кангрэсе па першабытнай антрапалогіі і археалогіі ў Бруселі ў 1872-ім годзе, складзеная вядомым археолагам, этнографам і фундатарам, бацькам Магдалены Радзівіл — графам Янам Завішам; артыкул з варшаўскага часопіса Tygodnik Ilustrowany за чэрвень 1872-га года з выявай пахавальні роду Манюшак на могілках у Радкоўшчыне. Усе набыткі ў будучым плануецца перадаць у адпаведныя музеі ў Беларусі.

У Канадзе выдалі англійскі пераклад твора Максіма Гарэцкага

Беларускаму альманаху для дзетак і падлеткаў «Жэўжык» патрэбна дапамога

Райаддзел культуры абвясціў збор грошай, каб закансерваваць касцёл Святога Духа

Nashaniva.com