Аўтаперагонны бізнэс — усё? Хутка стане нельга прадаваць расіянам свежапрыгнаныя машыны з ЕС і ЗША

З 1 кастрычніка 2024 года ў Расіі пачнуць дзейнічаць новыя стаўкі ўтылізацыйнага збору на аўто. Вось як гэта закране Беларусь.

19.09.2024 / 07:00

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Запланаваны рост цэнаў да 2030 года

У Расіі з 1 кастрычніка 2024 года на 70—85% павышаюцца стаўкі ўтылізацыйнага збору. Далей ён будзе расці кожны год на 10—20% аж да 2030 года.

Эксперты расійскага рынку прагназуюць, што пасля кастрычніцкага павышэння цэны на новыя аўтамабілі ў Расіі вырастуць прыблізна на 15%.

Расійскі ўрад пайшоў на такія крокі, каб падтрымаць мясцовых аўтавытворцаў (перш за ўсе АўтаВАЗ), а таксама стымуляваць кітайскіх і іншых аўтавытворцаў будаваць заводы тэрыторыі Расіі. Таму павышэнне ставак у першую чаргу будзе адбівацца на аўтамабілях, якія імпартуюць у Расію з трэціх краін. 

Не ўсё так проста

Рэч у тым, што павышэнне ставак утыльзбору не тычыцца фізічных асоб, калі яны набываюць аўто з-за мяжы для асабістага выкарыстання, а аб'ём рухавіка не перавышае 3 літры. Для такіх машын утыльзбор у Расіі застаецца мізэрным — каля 120-185 беларускіх рублёў. У Беларусі ўтыльзбор за легкавікі для фізасоб большы — 544-816 рублёў.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Але льготныя стаўкі ўтыльзбору ў Расіі дзейнічаюць толькі ў тым выпадку, калі чалавек не будзе прадаваць машыну цягам 12 месяцаў. Каб прадаць машыну раней, чым праз год, расіянам трэба даплаціць гэта збор па камерцыйным тарыфе. Для аўто з аб'ёмам рухавіка ад 1 да 2 літраў гэта прыблізна 5500 еўра.

Прычым тут Беларусь?

Важным момантам для Беларусі з'яўляецца той факт, што пачынаючы з 1 кастрычніка 2024 года ў Расіі змяняюцца правілы аплаты ўтыльзбору для аўтамабіляў, якія былі размытненыя ў іншых краінах ЕАЭС, куды ўваходзіць і Беларусь.

Па новых правілах, для таго, каб заплаціць мінімальны ўтыльзбор замест каля 5500 еўра, машына мусіць прабыць у краіне ЕАЭС не менш за год.

На аўтамабілі, увезеныя ў Расію да 1 кастрычніка 2024 года, будуць дзейнічаць ранейшыя правілы аплаты ўтыльзбору пры ўмове, што дакументы ў мытныя органы будуць пададзеныя не пазней за 1 лістапада 2024 года.

Фота: скрыншот з пастановы ўрада РФ

Прычым некаторыя СМІ падаюць інфармацыю так, нібыта новаўвядзенні будуць тычыцца толькі машын, якія размытненыя ў Беларусі з выкарыстаннем 50%-й льготы па ўказе №140 (для шматдзетных і інвалідаў).

Але ў расійскім законе ніякіх згадак пра гэта няма. Таму атрымліваецца, што нават размытненыя па поўным тарыфе аўто пры продажы ў Расію пападаюць пад аплату камерцыйнага ўтыльзбору, які вылічваецца тысячамі еўра. 

Перагоншчыкі — усё?

Гэта азначае, што неўзабаве бізнэс па перапродажу свежапрыгнаных аўто з Еўропы і ЗША ў Расію перастане існаваць, бо цягам года пасля ўвозу такі транспарт будзе «непрахадны».

Таму расіянам могуць быць цікавыя толькі тыя машыны, якія ўвезлі ў Беларусі мінімум за год да таго.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Праз гэта беларускім гандлярам свежапрыгнанымі аўто з Еўрасаюза і ЗША ў хуткім часе давядзецца працаваць, разлічваючы выключна на пакупнікоў з Беларусі.

Сітуацыя, якая складзецца на беларускім рынку, крыху нагадвае пачатак 2010-х, калі машыны ў Беларусі падзялялі на «прахадныя на Расію і Казахстан» (якія трапілі ў Беларусь да 2010 года), і «непрахадныя».

Было 430 тысяч — стала 90 тысяч. Як па дарозе з Еўрасаюза ў Беларусь машыны губляюць сотні тысяч кіламетраў прабегу

Санкцыі прыносяць свой плён — продажы новых аўто ў Беларусі б'юць рэкорды

Замена пасведчання кіроўцы ў Беларусі. Што трэба ведаць

Даніла Луцкевіч