Міністр спорту Кавальчук забараніў гуляць у футбол экс-абаронцу зборнай Беларусі

Міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук не спыняе пераследаваць футбалістаў, якія ўвосень 2020 года выступілі супраць паслявыбарчага гвалту. Пры гэтым пад рэпрэсіі праз 4 гады пасля падзей трапляюць нават тыя гульцы, якія цяпер гуляюць у другім дывізіёне, піша «Трыбуна».

18.09.2024 / 21:37

Мікалай Золатаў

29-гадовы абаронца Мікалай Золатаў у свой час гуляў за зборную Беларусі, правёўшы за яе 14 матчаў у 2019-2021 гадах.

Апошнія чатыры з паловай гады ён выступаў за мяжой (Украіна, Францыя, Казахстан). Але ўлетку 2024-га нечакана папоўніў шэрагі віцебскага прыватнага клуба «Макслайн». Да гэтага Золатаў правёў сем месяцаў у казахстанскім «Елімаі», дзе згуляў восем матчаў і, па інфармацыі «Трыбуны», атрымліваў каля 15 тысяч долараў на месяц да сплаты падаткаў.

Золатаў вярнуўся ў Беларусь 11 ліпеня, кантракт з віцебскім клубам, які гуляе толькі ў другім дывізіёне, быў падпісаны да канца 2024 года. Але паспеў за яго футбаліст правесці ўсяго чатыры матчы: у 1/16 фіналу Кубка Беларусі з «Нафтанам» і ў 1/8 са «Славіяй», а таксама ў чэмпіянаце Беларусі з «Астраўцом» і БАТЭ-2.

З 5 жніўня гулец перастаў не тое што выходзіць на поле, але нават трапляць у заяўку на матчы, хоць усе чатыры вышэйзгаданыя гульні адгуляў ад свістка да свістка. Вось ужо шэсць тураў, як Золатаў застаецца па-за гульнёй. Пад некалькімі пастамі ў сацыяльных сетках клуба заўзятары задавалі пытанні, куды падзеўся абаронца, але адказу ім ніхто не даў.

Па інфармацыі «Трыбуны», Золатаў не гуляе па патрабаванні Кавальчука. У канцы ліпеня віцебскаму клубу было паведамлена пра тое, што ён не можа выкарыстоўваць футбаліста, які «раней выказваў незадаволенасць дзейнай уладай Беларусі».

Таксама, па словах крыніц, якія знаёмыя з сітуацыяй, чыноўніку не спадабалася, што Золатаў раней асуджаў вайну ва Украіне. У выпадку адмовы падпарадкавацца «Макслайну» паабяцалі праблемы.

За Золатава нібыта ў «Макслайне» змагаюцца і пакуль кантракт з ім не скасоўваюць — спадзяюцца, што з Кавальчуком атрымаецца неяк дамовіцца. Абаронца па-ранейшаму трэнуецца з калектывам, але ў матчах не ўдзельнічае. Не выключана, што ад Золатава запатрабуюць «шчырага раскаяння» ў абмен на магчымасць далей гуляць у Беларусі ў футбол.

Прытым сітуацыя з Золатавым не адзінкавая. З такімі ж праблемамі, па інфармацыі «Трыбуны», сутыкнуўся 25-гадовы нападаючы Павел Кляньё.

Цяперашні сезон форвард пачынаў у «Макслайне», але ў жніўні футбаліст падпісаў кантракт з «Оршай». За яе ён правёў, як і Золатаў, чатыры матчы, аднак ад 8 верасня перастаў трапляць нават у заяўку, 16 верасня «Орша» аб'явіла пра расставанне з форвардам, ніяк не патлумачыўшы прычыны.

Рэч, як выглядае, у тым, што ў канцы лета клубу з Оршы Кавальчук павінен быў падпісаць план развіцця да канца 2024 года, і пагадзіўся гэта зрабіць толькі пры ўмове, што ў складзе не будзе Кляньё. Гэты форвард у 2020-м зняўся ў відэа футбалістаў, дзе разам з усімі сказаў фразу «Мы супраць гвалту».

У Жодзіне на стадыёне вывесілі банэр «Слава Расіі»

Камісія па вяртанні зноў засядала. Лёсы людзей вырашалі Швед, Баскаў, Эйсмант

«Дразды-3». Як у пасёлку пад Мінскам пасяліліся Галоўчанка, Глаз, Янчэўскі, Кавальчук і іншая лукашэнкаўская эліта

50:0! І гэта лік не рэгбійнага, а футбольнага матча ў беларускім чэмпіянаце

Nashaniva.com