«У Wargaming працавала шмат ватнікаў і ябацек». Папулярны IT-блогер патлумачыў, чаму менавіта там

Блогер АйЦіБарада расказаў ютуб-каналу «ЧестнОК-LIVE», чаму ў адной з найбуйнейшых беларускіх IT-кампаній працавалі прыхільнікі рускага свету.

20.09.2024 / 14:47

Аляксей Картыннік на ютуб-канале «ЧестнОК-LIVE»

Аляксей Картыннік, больш вядомы як АйЦіБарада, вядзе папулярны ютуб-канал пра ІТ, які на сёння мае больш за 330 тысяч падпісчыкаў. У інтэрв'ю Аляксандру Івуліну, распавядаючы пра міф пра шалёныя заробкі айцішнікаў, ён закрануў тэму палітычных перакананняў, якія існавалі сярод супрацоўнікаў Wargaming:

«У Wargaming працавала шмат ватнікаў і ябацек. Гэта гісторыя, можа, для каго адкрыццё, але я працаваў шмат з якімі людзьмі, якія мелі адносіны з Wargaming. Там такія людзі працавалі і, можа, дагэтуль працуюць».

Блогер патлумачыў, што гэта не таму, што іх спецыяльна набіралі туды, але калі ты праграміст і выступаеш за «савочак», то цалкам лагічна пайсці працаваць над настальгічнай гульнёй пра яго.

Паводле слоў блогера, хоць для многіх «танчыкі» — гэта пра нешта зусім іншае, але звонку выглядае, што туды прыходзяць людзі, якія захапляюцца савецкімі танкамі.

«Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну стала зразумела, што World of Tanks прыносіць грошы толькі на постсавецкай прасторы», — расказаў АйЦіБарада.

Блогер прывёў у якасці прыкладу супрацоўніка з Wargaming, з якім ён зняў адно з самых папулярных інтэрв'ю на сваім канале, яшчэ тады, калі сам не вельмі цікавіўся палітыкай. А пасля падзеяў 2020 і 2022 гадоў выявілася, што гэты чалавек «цалкам на іншым баку».

Гаворка ідзе пра вядучага распрацоўшчыка World of Tanks Blitz Леаніда Чайку, ролік з якім пра C++ і распрацоўку гульняў, запісаны ў маі 2020 года, набраў ужо блізу 1,5 мільёна праглядаў.

Сёння Чайка працуе ў Lesta Studio, якой увесну 2022 года Wargaming перадаў увесь гульнявы ​​бізнэс у Расіі і Беларусі. У сваіх сацсетках распрацоўшчык публікуе матэрыялы дзяржаўных прапагандыстаў і ўласныя фотаздымкі з акупаванага Крыма.

АйЦіБарада прызнаецца, што тым не менш у Wargaming было шмат крутых людзей, была выдатная школа, з якой выходзілі вельмі моцныя распрацоўшчыкі. Ён перакананы, што калі б не палітычныя ўзрушэнні апошніх гадоў, то Wargaming стаў бы найбуйнейшым распрацоўшчыкам гульняў ва ўсёй Еўразіі, але жыццё вырашыла інакш і сёння кампанія «нібыта растварылася».

Малады дызайнер з Бабруйска разаслаў 657 рэзюмэ — і нічога

Рэктар БДУІРа назваў распрацоўку беларускага IT, якой найбольш ганарыцца. Гэта кампанія сышла з краіны два гады таму

Са знакамітага «танкалёта» Belavia знікла згадка гульні World Of Tanks

Колькі падаткаў заплацілі ў бюджэт Літвы фірмы з беларускімі каранямі

Nashaniva.com