У Бразіліі пабудуюць самы высокі жылы хмарачос у свеце

Бразільская мастачка Лалалі Сена прадставіла канцэпт Вежы «Сена» (Senna Tower) — хмарачоса вышынёй 500 метраў, які ў выпадку паспяховай рэалізацыі стане самым высокім будынкам у краіне і самым высокім жылым хмарачосам у свеце.

19.09.2024 / 22:12

Рэндар вежы Сены / © Lalalli Senna

Праект плануе рэалізаваць кампанія FG Empreendimentos са штата Санта-Катарына. Чакаецца, што будаўніцтва хмарачоса пачнецца ў другой палове 2025 года.

Рэндар вежы Сены / © Lalalli Senna

Вежа «Сена» з'явіцца ў муніцыпалітэце Балнеарыу-Камборыу ў штаце Санта-Катарына.

Хмарачос будзе мець прамавугольную форму з незвычайным падмуркам — канструкцыяй з аркамі, шклянымі купаламі і багатай трапічнай расліннасцю. Бюджэт праекта складзе каля 500 мільёнаў даляраў ЗША

У 500-метровай вежы размесцяцца 228 кватэр, уключаючы чатыры двухузроўневыя пентхаусы агульнай плошчай 903 квадратныя метры.

Будынак будзе названы ў гонар легендарнага аўтагоншчыка, чэмпіёна свету сярод пілотаў «Формулы-1» у 1988, 1990 і 1991 гадах Айртана Сены. Спартсмен трагічна загінуў у 1994 годзе ва ўзросце 34 гадоў, але ягоная постаць працягвае натхняць бразільцаў і фанатаў аўтаспорту па ўсім свеце.

Стваральніца праекта Senna Tower Лалалі Сена — пляменніца аўтагоншчыка.

Рэндар вежы Сены / © Lalalli Senna

Сёння статус самага высокага жылога хмарачоса ўтрымлівае нью-ёркская вежа 432 Park Avenue. Яе вышыня складае 472 метры.

Самы высокі будынак Мінска дасягнуў 42 паверха

У Саудаўскай Аравіі мерацца пабудаваць двухкіламетровы хмарачос

Японія плануе пабудаваць цалкам аўтаномны плаваючы горад на 40 тысяч чалавек

Nashaniva.com