Для працы з дзецьмі прадзюсарскі цэнтр нявесткі Лукашэнкі прыдумаў беларускіх трансформераў

«Музычная медыякампанія» не толькі раскручвае і прасоўвае беларускіх артыстаў эстрады, стварае радыёстанцыі, арганізоўвае прадзяржаўныя мерапрыемствы і нават гарадскія школьныя выпускныя. Як высветліла расследавальніцкая група «Бюро», прадпрымальныя шоумэйкеры асвойваюць новую нішу — дзіцячыя святы, прасоўваючы беларускія трактары, грузавікі і самазвалы сярод моладзі незвычайным чынам. Яны прыдумалі айчынных трансформераў — «белобатаў», якіх рэкламуюць у сацыяльных сетках і на карпаратыўных мерапрыемствах.

20.09.2024 / 15:49

Прататыпамі для робатаў паслужыла тэхніка гігантаў беларускага машынабудавання: МТЗ, МАЗа і БелАЗа. Напрыклад, робат па імені Базіс сімвалізуе дасягненні жодзінскага завода па вытворчасці самазвалаў.

Дзіва-тэхніку аб’ядналі пад брэндам «Каманда першых». У гандлёвай маркі ёсць свае сайт і акаўнт у Інстаграме, у якіх стваральнікі ацэньваюць задачу праекта — «сучасны дзіцячы брэнд, які можа натхніць вучыцца і паспрабаваць сябе ў вынаходніцтве і дакладных навуках».

«Бюро» высветліла, што за іміджавай кампаніяй па папулярызацыі беларускай тэхнікі сярод моладзі і імпартазамяшчэннем заходніх мультыплікацыйных герояў стаіць «Музычная медыякампанія». У студзені 2024 года фірма падала пяць заявак на рэгістрацыю гандлёвых марак «Каманда першых» і «Белобаты».

«Музычная медыякампанія» — гэта прадзюсарскі цэнтр, у якім пасаду намесніцы дырэктара займае Таццяна Кулакова. Гэта родная сястра Ганны Лукашэнкі, жонкі Дзмітрыя Лукашэнкі.

«Музычная медыякампанія» належыць Палацу Рэспублікі Упраўлення спраў Лукашэнкі (30%) і прыватнай кампаніі «АНСЛ прадакшн» (70%). Апошняя запісаная на Андрэя Урублеўскага (95%) — аднаго з падначаленых Дзмітрыя Лукашэнкі. Верагодна, Урублеўскі выконвае ў «АНСЛ прадакшн» функцыю намінальнага ўладальніка, каб утаіць удзел у кампаніі жонкі свайго патрона.

Абрэвіятура АНСЛ вельмі нагадвае ініцыялы жонкі сярэдняга сына Лукашэнкі — АНна (па-руску) Сяргееўна Лукашэнка.

Афіцыйная прэзентацыя «белобатаў» прайшла 1 чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы ў межах дзіцячага свята «Разумнейшыя за ўсіх на свеце», арганізаванага ў Міжнародны дзень аховы дзяцей. У жніўні «Каманду першых» прыцягвалі для ўдзелу ў «БелАЗ-фэсце» ў Жодзіне — арганізатарам фестывалю выступілі сам БелАЗ і «Музычная медыякампанія», звязаная з машынабудаўнічым холдынгам. Прадзюсарскі цэнтр таксама займаўся арганізацыяй гарадскога свята, прымеркаванага да 80-годдзя МАЗа.

Яшчэ раней ідэю з «белобатамі», падобна, зацаніў Аляксандр Лукашэнка. У мінулым годзе ён па традыцыі наведаў«Галоўную елку краіны», якая сабрала ў Палацы Рэспублікі больш за дзве тысячы дзяцей з Беларусі, Латвіі, акупаваных Расіяй украінскіх тэрыторый і сектара Газа. Дзеці паслухалі прамову Лукашэнкі і паглядзелі казачны спектакль «Машына навагодняга часу».

Паводле сюжэту навагодняй пастаноўкі, 

«падступны Шнупс разам са сваімі памагатымі паламалі машыну навагодняга часу і выкралі Дзеда Мароза, так што Снягурцы і яе сяброўцы Міры даводзіцца звяртацца па дапамогу да сапраўдных супергерояў — трох беларускіх трансформераў белобатаў». 

У Беларусі з'явіцца «Радыё Шансон». Здавалася б, прычым тут Ганна Сялук?

Доктар Марыярці беларускай эстрады. Вы не паверыце, хто піша патрыятычныя песні для дзяржТБ і карпаратываў сілавікоў

Расследавальнікі: Сям'я Дзмітрыя Лукашэнкі цесна звязаная з бізнэсоўцамі, якія зарабілі сотні мільёнаў даляраў на продажы БелАЗаў

Nashaniva.com