«Хезбала» запусціла больш за 100 ракет па Ізраілю, ЦАХАЛ нанёс удары па Ліване

Уначы «Хезбала» атакавала поўнач Ізраіля з Лівана дзясяткамі ракет. Сірэны паветранай трывогі гучалі ўсю ноч. Па даных ізраільскай арміі (ЦАХАЛ), большасць з выпушчаных 105 ракет былі перахопленыя, але некаторыя дамы атрымалі пашкоджанні.

22.09.2024 / 11:50

Ізраільскія сілы выратавання працуюць на месцы, пацярпелым ад ракеты, выпушчанай з Лівана, на поўначы Ізраіля, 22 верасня 2024 г. Фота: AP Photo / Gil Nechushtan

«Хезбала» заявіла, што ўдар наносіўся па прамысловых і вайсковых аб'ектах у якасці акту адплаты пасля серыі выбухаў пэйджараў і рацый чальцоў групоўкі на гэтым тыдні, піша ВВС.

Ізраіль таксама працягнуў атакаваць цэлі ў Ліване пасля пятнічнага авіяўдару па Бейруце, у выніку якога, па сцвярджэнні Арміі абароны Ізраіля, былі забітыя 16 старэйшых камандзіраў «Хезбалы». Ліван заявіў, што загінула 45 чалавек.

У суботу дзясяткі ізраільскіх ваенных самалётаў наносілі ўдары па Паўднёвым Ліване. Прэс-сакратар ізраільскай арміі Даніэль Хагары казаў, што там была заўважаная падрыхтоўка «Хезбалы» да абстрэлаў Ізраілю.

Перад гэтым ЦАХАЛ сцвярджаў, што яго вайскоўцам удалося знішчыць больш за 1000 ракет «Хезбалы» пры ўдары па прыкладна 180 месцах меркаваных запускаў.

Раніцай у нядзелю ЦАХАЛ паведаміў аб узмацненні абмежаванняў для жыхароў на поўначы Ізраіля і ў некаторых раёнах Галанскіх вышынь. У прыватнасці, людзям забаранілі збірацца на адкрытых прасторах колькасцю больш за 10. Наведваць працу і вучобу можна толькі ў тым выпадку, калі там ёсць абсталяваныя сховішчы. Гэтыя абмежаванні распаўсюджваюцца ў тым ліку на трэці па велічыні горад Ізраіля Хайфу.

На гэтым тыдні ў Ліване тысячы людзей былі параненыя і 39 чалавек загінулі ў выніку дыстанцыйных выбухаў пэйджараў і рацый, якімі карысталіся члены «Хезбалы», каб не мець спраў з мабільнымі тэлефонамі.

Лідар «Хезбалы» Хасан Насрала абвінаваціў у гэтым Ізраіль і паабяцаў «справядлівае пакаранне», дадаўшы, што напады на Ізраіль будуць працягвацца да таго часу, пакуль не спыніцца ваенная аперацыя ў Газе.

Афіцыйна Ізраіль не браў на сябе адказнасць за выбухі прылад сувязі «Хезбалы». Па даных СМІ, замінаваныя пэйджары і рацыі «Хезбала» закупіла ў кампаніі, якая на самай справе была прыкрыццём для ізраільскай разведкі.

Ізраіль правёў кібератаку на членаў «Хезбалы». Пэйджары 1200 баевікоў адначасова ўзарваліся проста ў кішэнях ВІДЭА

У падкладанні выбухоўкі ў пэйджары «Хезбалы» абвінавачваецца «Масад»

Ізраіль яшчэ на вытворчасці заклаў выбухоўку ў тайваньскія пэйджары для «Хезбалы» — Reuters

Пэйджары, якія выбухнулі ў Ліване, былі зробленыя ў Венгрыі

У Ліване новыя выбухі прылад для сувязі. Гэтым разам узрываюцца рацыі

Як Ізраіль стварыў сучаснага «траянскага каня» для «Хезбалы» — цікавыя дэталі аперацыі з пэйджарамі

Nashaniva.com