У мінскім шматпавярховіку з’явіўся столік, каб дзяліцца з суседзямі ежай. А вы б рызыкнулі пачаставацца?

Беларуская блогерка паказала ў тыктоку, што ў пад’ездзе яе шматпавярховіка ў Мінску нехта з суседзяў паставіў столік для таго, каб дзяліцца ежай з суседзямі. 

22.09.2024 / 17:35

Скрыншот відэа ў тыктоку

Тыкток-блогерка Ганна Здановіч вядомая тым, што публікуе відэа з незвычайнай падачай страў для дзяцей. Напрыклад, з яечні яна стварае смешных міньёнаў, з рысу з катлеткай — панду, а са спагеці з сырам — мілага льва. Ды нават просты бутэрброд у руках кулінарнай чараўніцы ператвараецца ў Гары Потэра. Ролікі блогеркі набіраюць сотні тысяч, а то і мільёны праглядаў.

Скрыншот відэа блогеркі

Але ў гэты раз Ганна паказала столік, які з’явіўся ў яе пад'ездзе. Нехта з суседзяў пакінуў на ім маршмэлаў, хатняе варэнне і некалькі слоікаў з мёдам. Знайшлася і запіска з тлумачэннем: «Паважаныя суседзі! Давайце тут дзяліцца непатрэбнай ежай. Са стала ўсё можна забіраць».

Блогерцы ідэя спадабалася, але яна спытала ў карыстальнікаў тыктоку, ці рызыкнулі б яны нешта ўзяць са століка. За 4 дні відэа набрала 463 тысячы праглядаў.

@yakazdanovich Как вам такая идея? Взяли бы что-то себе? #соседи #едаялюблютебя #идея ♬ Cooking Time - Lux-Inspira

А вось па каментарыях можна адразу зразумець, якія ў каго адносіны з суседзямі. Бо варыянты адказаў ад «Не стала б браць, у мяне першыя думкі, а раптам наплявалі туды» да «У нас у горадзе ўсе адно аднаго ведаюць, мы ўсё жыццё так жывём і дзелімся».

Хапала тых, хто паставіўся да ідэі скептычна: «Я думаю, у некаторых дамах забяруць усё разам, нават са столікам. А калі дом з прыстойнымі суседзямі, як у нас — не возьмуць».

З’явіліся і думкі, як удасканаліць суседскі фудшэрынг. «Лепш стварыць чат суседзяў і пісаць, што жадаеш кагосьці пачаставаць пірагом, напрыклад», — напісала адна жанчына. Яна ўдакладніла, што ў яе здаралася сітуацыя, калі неабходна было тэрмінова з’ехаць, а праз гэта свежы боршч прыйшлося выліць.

Не ўсе ацанілі і спалучэнне «непатрэбная ежа», бо, як высветлілася, для кагосьці ў гэту катэгорыю трапляе выключна тая ежа, якую адмовіўся даядаць кот.

Шмат хто адзначыў, што гатовы нешта пакласці на такі столік, але ўзяць сабе з яго штосьці пабаяўся б. Хтосьці проста вельмі грэблівы, а хтосьці баіцца, што пакінутая ежа (асабліва, хатняга прыгатавання) можа быць небяспечнай.

«Я б без суседзяў засталася. Грыбы — гэта асобны від майго кулінарнага мастацтва», — пажартавала адна з каментатарак.

Паўтара лімона, вараная курыная ножка, расольнік: якую ежу беларусы аддаюць задарма незнаёмцам

«Два ці тры разы людзі адгукнуліся, але апошні час вучаць жыць», — гісторыі людзей, якія ў інтэрнэце просяць накарміць іх бясплатна

У Мінску набірае папулярнасць рух тых, хто нічога не плаціць за ежу. Як гэта працуе?

Nashaniva.com