Беларускамоўнай айцішніцы з EPAM, якая вярнулася з Грузіі, пагражае да дзесяці гадоў калоніі

Марыну Леановіч, якая да затрымання працавала ў EPAM, абвінавачваюць у «фінансаванні вайны» і «садзейнічанні экстрэмізму». Дзяўчыне пагражае ад пяці гадоў калоніі. Судзіць яе будзе тая ж суддзя, што Насту Лойку і Алеся Пушкіна.

23.09.2024 / 11:05

Марына Леановіч. Фота з яе старонкі Укантакце (архіўная копія)

Марыне Леановіч 28 гадоў. Яна мінчанка. Пасля школы адвучылася ў БДУІР на метролага. Адразу па размеркаванні дзяўчына пайшла працаваць у EPAM, дзе была франтэнд-распрацоўшчыцай (чалавек, які распрацоўвае тую частку праграмы, якую бачыць карыстальнік).

Таксама Марына займаецца творчасцю. Напрыклад, піша артыкулы для беларускай Вікіпедыі, робіць ілюстрацыі ды перакладае на беларускую мову, а яшчэ піша вершы. Усе сацсеткі дзяўчына вядзе па беларуску, але пад псеўданімамі.

Пасля пачатку вайны Марына паехала жыць у Грузію і асела ў Тбілісі. Дзяўчына захапляецца прыродай і фатаграфуе ды ідэнтыфікуе віды раслін ці насякомых, якія знаходзіць падчас вандровак. Апошні раз яна адзначала штосьці 3 жніўня 2023 года — гэта быў павук, якога пабачыла ў Тбілісі.

Марына Леановіч. Фота з яе старонкі Укантакце (архіўная копія)

Пра затрыманне Марыны напісалі ў твітары ў кастрычніку 2023 года. Невядома, чаму дзяўчына вярнулася ў Беларусь.

Суд над Марынай Леановіч пачынаецца 11 кастрычніка 2024 года. Яе вінавацяць па двух артыкулах — «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-2 КК) і «фінансаванне або іншая фінансавая падтрымка вайны» (ч. 2 арт. 361-3 КК). Дзяўчыне пагражае ад пяці да дзесяці гадоў калоніі.

Судзіць яе будзе Алена Шылько. Яна выносіць палітычныя прысуды найменш з 2006 года. Шылько прысудзіла сем гадоў калоніі за праваабарону Настассі Лойка, шэсць гадоў за данаты Мікалаю Васілевічу і пяць гадоў Алесю Пушкіну, які памёр за кратамі.

Алена Шылько. Фота: «Дзікае Паляванне»

Суддзя, вядомая многім палітвязням, і пракурор з медалём ад Лукашэнкі. Хто судзіў Алеся Пушкіна

Маладзенькай беларускамоўнай настаўніцы пагражае да 10 гадоў турмы за падтрымку Украіны і ўдзел у пратэстах

«Ціхі чалавек з мяккім голасам». Хто тыя суддзя і пракурор, якія адправілі ў калонію блогера Клімовіча — палітвязня, які памёр за кратамі

Nashaniva.com