Вячорка пракаментаваў словы Яшына пра тое, што Лукашэнка мяняе палітвязняў на дэталі для самалётаў
Падчас нядаўняга выступлення ў Вільні расійскі апазіцыянер Ілля Яшын закрануў тэму беларускіх палітвязняў. «Як мне патлумачылі, ён літаральна абменьвае людзей на дэталі для самалётаў. У яго праблема з «Белавія», і яму трэба рамантаваць самалёт, яму патрэбныя нейкія дэталі, якія ён не можа атрымаць праз санкцыі», — сказаў ён. Франак Вячорка пракаментаваў «Нашай Ніве» гэту заяву.
23.09.2024 / 21:41
Франак Вячорка
«Я думаю, Яшын выказаўся фігуральна. Маўляў, Лукашэнка быў бы гатовы абмяняць палітвязняў на зняцце санкцыяў. Канечне, абмен на дэталі для самалёта гучыць дзіўна і адарвана ад рэальнасці. Але гэта не значыць, што нам не трэба спрабаваць розныя спосабы для вызвалення палітвязняў», — адказаў дарадца Святланы Ціханоўскай.
Нагадаем, за некалькі хваляў памілаванняў на свабоду выйшла 115 палітвязняў.
Што стала прычынай, дакладна невядома. Прапаганда выстаўляе гэта жэстам гуманізму Лукашэнкі — але пры гэтым Віктар Бабарыка, Марыя Калеснікава, Сяргей Ціханоўскі, Мікола Статкевіч і некаторыя іншыя палітвязні больш за год знаходзяцца ў рэжыме інкамунікада.
Ёсць версія, што на рэжым націснуў Кітай, каб той нармалізаваў адносіны з Польшчай — і каб не вызваляць толькі Анджэя Пачобута (а гэтага патрабуе Польшча), Лукашэнка вырашыў адпусціць і нейкую колькасць палітвязняў. Іншае меркаванне — што перад выбарамі рашылі крыху разрадзіць атмасферу напружання ў грамадстве. Яшчэ адно — што запусціць працэс вызвалення вязняў прымусілі санкцыі і гэтым пасылаюцца сігналы Захаду.