СК Расіі назваў дзве асноўныя версіі атручэння сям'і ў Краснаярску, дзе памерлі ўсе дзеці

Следчы камітэт Расіі прапрацоўвае дзве версіі атручэння: ужыванне ежы з таксічным рэчывам і ўдыханне пароў інсектыцыднага аэразолю. У пробах прадуктаў сям'і экспертыза не выявіла перавышэння нормаў небяспечных рэчываў, піша РБК.

25.09.2024 / 10:23

Крама, у якой куплялі прадукты

Следчы камітэт разглядае дзве асноўныя версіі атручэння ў Краснаярску сям'і, у выніку якога ў ёй загінулі ўсе дзеці: ужыванне прадуктаў з невядомым таксічным рэчывам, а таксама ўдыханне пароў інсектыцыднага аэразолю.

Сярод версій пракуратуры былі атручэнне прадуктамі з мясцовай крамы, трапленне ў прыгатаваную ежу небяспечнага для жыцця рэчыва і атручэнне прадуктамі ўласнай гаспадаркі. Пазней асноўнай версіяй пракуратуры стала атручэнне аэразольным прэпаратам ад насякомых, якім дом апрацавалі напярэдадні.

У пробах прадуктаў сям'і перавышэння небяспечных рэчываў экспертыза не выявіла. Спецыялісты бралі пробы пельменяў і курынага мяса, канфіскаванага з мясцовай крамы, а таксама прадуктаў, знойдзеных у доме сям'і: булёна, прыправаў, кетчупа, зельца (каўбасны выраб), курыцы з бульбай, тушанай рыбы і хатніх яек.

«Перавышэння нармаваных значэнняў не выяўлена. Па выніках лабараторных даследаванняў пітной вады на мікрабіялагічныя паказчыкі перавышэння нармаваных значэнняў не выяўлена», — гаворыцца ў паведамленні ведамства.

Следства працягвае праводзіць экспертызы, каб вызначыць рэчыва, якое выклікала атручэнне і наступную смерць дзяцей, дадалі ў СК.

21 верасня сям'я з Краснаярскага края звярнулася ў бальніцу з прыкметамі атручэння — яны павячэралі курыцай і пельменямі з мясцовай крамы. Шасцігадовая дзяўчынка і 13-гадовы хлопчык пасля рэзкага пагаршэння стану памерлі ў бальніцы. На наступны дзень памерла дзяўчынка 11 гадоў, а ў ноч на панядзелак — 12-гадовая дзяўчынка, апошняя з дзяцей сям'і.

Паводле папярэдніх звестак, смерць наступіла ад таксічнага ўздзеяння неўстаноўленага рэчыва. Дарослыя члены сям'і — бацькі дзяцей — апрытомнелі 23 верасня, медыкі ацанілі іх стан як здавальняючы. Жанчына цяжарная, яна на дзявятым месяцы, плоду нічога не пагражае, паведамлялі ў СК.

Дом загінулых дзяцей пад Краснаярскам праветрываўся пасля апрацоўкі дыхлафосам

Смяротнае атручэнне сям'і ў Краснаярскім краі: вызначана асноўная версія

Nashaniva.com