У Расіі хочуць адмяніць рэабілітацыю значнай колькасці ахвяр савецкіх рэпрэсій. Пакінуць толькі апалітычных і «добранамераных»
Адпаведны праект загада падрыхтаваў генпракурор Расіі Ігар Красноў, перадаюць расійскія медыя. Паводле праекта, пракуратура будзе «на пастаяннай аснове» выяўляць і адмяняць рэабілітацыю тых людзей, якія ў савецкія часы змагаліся са зброяй у руках супраць бальшавікоў, былі абвінавачаны ў нацыяналізме, дапамагалі нацыстам ці проста лічыліся здраднікамі ў шырокім сэнсе.
26.09.2024 / 20:14
Генеральны пракурор Расіі Ігар Красноў. Фота: Contributor Getty Images
Як паведамляе буйны прадзяржаўны рэсурс Lenta.ru, генеральны пракурор Расіі Ігар Красноў падрыхтаваў праект загаду аб унясенні зменаў у расійскі закон «Аб рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій», што
прывядзе да адмены рашэнняў аб рэабілітацыі істотнай колькасці ахвяр палітычных рэпрэсій за ўвесь перыяд існавання савецкай улады, уключаючы эпоху Сталіна, аднаго з самых крывавых дыктатараў у гісторыі чалавецтва.
Адзін з пунктаў загаду абвяшчае, што «органам улады ва ўстаноўленым парадку будуць давацца матэрыялы па правядзенні працы па аднаўленні гістарычнай справядлівасці і правоў ахвяр палітычных рэпрэсій, не дапушчаючы апраўдання памагатых нацыстаў і здраднікаў Радзімы. У адносінах да такіх асоб на пастаяннай аснове плануецца арганізоўваць працу па выяўленні і адмене рашэнняў аб рэабілітацыі».
Зыходзячы з тэксту загаду, у выпадку яго прыняцця пад дэрэабілітацыю могуць трапіць тысячы людзей, якія атрымалі гэты статус у 1950-я, 1980-я і 1990-я гады, адзначае Lenta.ru. Таксама працэс дэрэабілітацыі можа закрануць пацярпелых ад рэпрэсій замежнікаў, нават калі яны былі пакараныя смерцю без якога-небудзь суда. Так, у іншым пункце загаду сказана, што рашэнні аб адмене рэабілітацыі ў адносінах да замежнікаў плануецца накіроўваць у адпаведныя краіны праз расійскі МЗС.
Як мяркуе апытаная рэсурсам Lenta.ru старшы навуковы супрацоўнік Музея гісторыі ГУЛАГа Таццяна Палянская, новы загад закране ў першую чаргу тых, хто змагаўся са зброяй у руках супраць савецкай улады, быў абвінавачаны ў нацыяналізме і ўдзеле ў нацыяналістычных арганізацыях («бандэраўцаў», «уласаўцаў», «лясных братоў» і іншых, пералічвае Палянская). Пры гэтым для звычайнага грамадзянскага насельніцтва пагроза адмены рэабілітацыі значна меншая.
«Хутчэй за ўсё, большасць тых, хто былі абвінавачаныя ў калабарацыі з нацыстамі, а затым рэабілітаваныя па судзе, наўрад ці будуць пазбаўлены рэабілітацыі. Сярод іх было шмат звычайных жанчын, якія апынуліся на акупаванай тэрыторыі і былі вымушаныя працаваць на немцаў, каб пракарміць дзяцей», — лічыць Палянская.
Нямецкія салдаты рэгіструюць мясцовых жыхароў акупаванага Магілёва, 1941 год. Крыніца: Bild
Іншага меркавання прытрымліваецца расійскі палітолаг і гісторык Аляксей Макаркін, які кажа, што працэс адмены рэабілітацый ужо ідзе і канстатуе рэзкі рост колькасці рашэнняў аб пазбаўленні гэтага статусу.
«Важна тое, што адмены ўжо ідуць, і можна ўявіць сабе прыкладны вектар руху гэтага працэсу. Калі раней фіксаваліся толькі адзінкавыя выпадкі адменаў рэабілітацый, звязаныя з абвінавачваннямі ў ваенных і іншых адыёзных злачынствах, то ў апошні час іх колькасць павялічылася, бо праект робіць гэты працэс прыярытэтным.
Плюс да таго пашыраецца колькасць падстаў і іх інтэрпрэтацый для адменаў. Напрыклад, дапамога нацыстам. Ці падпадае пад гэта, скажам, удзел у прапагандысцкіх акцыях немцаў? Калі ў 1990-я гады зыходзілі з таго, што хутчэй не падпадае, то цяпер пазіцыя змянілася і становіцца даволі такі адназначнай: падпадае», — заяўляе Макаркін.
Па інфармацыі расійскай газеты «Коммерсант», з 2022 года Генпракуратура Расіі пераправерыла 14 тысяч рашэнняў аб рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій і адмяніла 4 тысячы.
Як заключае Макаркін, частка расійскага грамадства, у асноўным людзі старэйшага пакалення, не сумняваюцца ў тым, што «няма дыму без агню» і «раз рэпрэсаваныя — значыць, вінаватыя». Прадстаўнікі старэйшага пакалення да гэтага часу не могуць шмат чаго дараваць таму ж Хрушчову, Гарбачову, і Ельцыну, у тым ліку і рэабілітацыі палітычных ахвяр, што яны лічаць часткай «глыбока памылковай і злачыннай» палітыкі дэсталінізацыі, якая, на іх думку, у рэшце рэшт прывяла да развалу СССР.
«Паводле апытанняў, калі ў 1992 годзе расіяне лічылі, што распад СССР звязаны ў першую чаргу з аб'ектыўнымі фактарамі, то ў 2000-я самай папулярнай версіяй стала тэорыя змовы: маўляў, згаварыліся некалькі чалавек і наўмысна развалілі краіну. Гэтыя людзі цяпер прыходзяць да высновы: калі змова была ў 1991-м, чаму б яе не магло быць у 1930-я, і таму рэпрэсіі апраўданы.
«Для гэтых людзей адмена часткі рэабілітацый стане дадатковым аргументам на карысць таго, што яны першапачаткова мелі рацыю. Аднак у Генпракуратуры афіцыйна запэўніваюць, што не будуць разглядаць справы даваеннага часу і пасляваенныя справы, не звязаныя з Вялікай айчыннай вайной.
Мы не ведаем, чым усё гэта скончыцца. Таму што, як казаў Гарбачоў, варта толькі пачаць і далей — працэс пайшоў», — падсумоўвае Макаркін.
Міхаіл Гарбачоў (злева) і Барыс Ельцын, 23 жніўня 1991 года. Фота: GEORGES DEKEERLE / SYGMA
Цяперашні варыянт расійскага закону «Аб рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій», у які пакуль што не ўнеслі вышэйзгаданыя змены, кажа, што «ў часы савецкай улады мільёны людзей сталі ахвярамі самавольства таталітарнай дзяржавы, падвергліся рэпрэсіям за палітычныя і рэлігійныя перакананні па сацыяльных, нацыянальных і іншых прыкметах.
Рэпрэсіі, паводле тэксту закона, ладзіліся не толькі супраць грамадзян Расіі, але і супраць грамадзян былых савецкіх рэспублік (уключаючы Беларусь) а таксама іншых замежных грамадзян і асоб без грамадзянства.
У законе асабліва пазначаецца пяты артыкул, які ў кантэксце сённяшніх намаганняў Генпракуратуры Расіі выглядае найбольш уразлівым для патэнцыйных змен. Вось што ў ім напісана.
Артыкул 5. Ніжэйпералічаныя дзеянні прызнаюцца бяспечнымі для грамадскага ладу, і з прычыны гэтага, незалежна ад фактычнай абгрунтаванасці дадзеных абвінавачванняў, рэабілітуюцца асобы, асуджаныя за:
- антысавецкую агітацыю і прапаганду (самая масавая нагода для палітычных рэпрэсій савецкіх грамадзян, якая пачала дзейнічаць яшчэ да Вялікай айчыннай, асабліва ў выглядзе часткі дзясятай сумна вядомага 58-га артыкула Крымінальнага кодэкса СССР — «НН»);
- распаўсюджванне свядома лжывых выдумак, якія ганяць савецкі дзяржаўны ці грамадскі лад;
- парушэнне законаў аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы;
- замах на асобу і правы грамадзян пад выглядам выканання рэлігійных абрадаў;
- уцёкі з месцаў пазбаўлення волі, месцаў высылкі і спецпаселішчаў, месцаў прыцягнення да прымусовай працы ва ўмовах абмежавання волі асоб, якія знаходзіліся ў названых месцах у сувязі з неабгрунтаванымі палітычнымі рэпрэсіямі.
«Усе хлусяць». У чым корань пуцінскай ідэалогіі?
Як сын высокапастаўленага сілавіка выбраў беларушчыну
Дзеці расстраляных. Дочкі Кляшторнага: цуд выжывання, добрыя людзі і вяртанне ў Беларусь