«Адкрыта змагацца з беларускай мовай уладам будзе цяжка». Так сцвярджае амерыканскі даследчык, які ўсё жыццё прысвяціў яе вывучэнню
У 2009—2013 гадах складалася ўражанне, што беларуская мова адраджаецца — дзякуючы моладзі, якая пераходзіла з рускай на беларускую, прынамсі ў пэўных абставінах. Сёння пра моўную сітуацыю ў Беларусі гаварыць цяжка, але ёсць адчуванне, што ўлады разумеюць: стаўленне да беларускай мовы сярод значнай часткі беларусаў змянілася, і таму адкрыта змагацца з мовай, як змагаюцца з нацыянальнай сімволікай, будзе цяжка. Так сцвярджае ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» Курт Вулхайзер, амерыканскі даследчык, які спецыялізуецца на сацыялінгвістыцы і моўнай палітыцы ва Усходняй Еўропе. Дзякуючы яму ў 2005 годзе ў Гарвардскім універсітэце ўпершыню распачаліся заняткі па беларускай мове.
30.09.2024 / 21:46
Вулхайзер даследаваў уплыў савецкай моўнай палітыкі і тое, як беларуская ідэнтычнасць і мова развіваліся ў постсавецкую эпоху. Ён аналізуе ролю мовы ў нацыянальнай ідэнтычнасці як у Беларусі, так і сярод беларусаў, якія жывуць за мяжой. Зараз яго праца — гэта вывучэнне культурных і моўных праблем, з якімі сутыкаюцца беларускія эмігранты, а таксама тое, як яны падтрымліваюць або адаптуюць сваю мову ў замежных краінах.
У размове з «Радыё Свабода» Курт Вулхайзер расказаў пра «новых беларускамоўных», пра тое, што такое цяперашні перыяд — адраджэнне ці заняпад мовы, і якія пераломныя моманты для пераходу на родную мову здарыліся ў беларусаў у апошнія гады.
«У вас такі акцэнт, быццам вы з Магілёўшчыны»
Ва ўніверсітэце Курт Вулхайзер вывучаў гісторыю ўсходнеславянскіх моў, але, напрыклад, пра Францыска Скарыну даведаўся толькі ў аспірантуры падчас вывучэння гісторыі кнігадрукавання ва ўсходніх славян. Тады ж, вывучаючы старабеларускую мову, ён дазнаўся, што яна была мовай Вялікага Княства Літоўскага. «Нам нічога пра гэта не казалі на лекцыях па гісторыі ўсходнеславянскіх моў!» — кажа Курт Вулгайзэр.
«А потым я даведаўся, што ў нашым горадзе Блумінгтон, у штаце Індыяна, дзе я вучыўся ва ўніверсітэце, ёсць адзін стары эмігрант з Беларусі — Палікарп Манько з Магілёўшчыны. Ён з'ехаў пасля Другой сусветнай вайны, але цікава, што памятаў перыяд беларусізацыі ў БССР, у 20-я гады, ён тады вучыўся ў БДУ. Яшчэ студэнтам ён нават будаваў Дом урада ў Мінску. Вельмі цікавыя ў яго былі ўспаміны. Ён быў маім першым настаўнікам», — расказвае навуковец.
У Беларусь упершыню Курт трапіў у 1990 годзе.
«Я памятаю, калі я гаварыў з людзьмі па-беларуску, яны казалі: «У вас такі акцэнт, быццам вы з Магілёўшчыны», — смяецца Курт Вулхайзер.
«Ведаю адну беларускамоўную сям'ю, яны дома размаўляюць»
Амерыканскі навуковец вяртаўся ў Беларусь у пачатку 1990-х гадоў — удзельнічаў у летняй школе беларусістыкі БДУ, а пасля змог прыехаць толькі ў 2009 годзе.
«Цікава было назіраць за моўнай сітуацыяй у Мінску і іншых гарадах. Я памятаю, у 1990 годзе, калі я ўпершыню трапіў у Беларусь і збіраўся вывучаць моўную сітуацыю, мяне цікавіла з'ява пераключэння кодаў — калі пераходзяць у размове з адной мовы на іншую. Але вельмі цяжка было знайсці людзей, якія рэгулярна гэта робяць. Трэба было крыху змяніць сістэму даследавання», — расказвае Курт Вулхайзер.
Ва ўсёй той літаратуры, якую ён чытаў пра моўную сітуацыю ў Беларусі, апісвалася сітуацыя двухмоўя. Але гэта былі савецкія работы 80-х гадоў. Насамрэч ужо ў канцы 80-х гадоў вельмі рэдка можна было пачуць беларускую мову проста на вуліцы ў Мінску, адзначае навуковец.
«Я пытаўся ў мовазнаўцаў у БДУ, дзе лепш знайсці беларускамоўных людзей у Мінску, і мне казалі: «Я ведаю адну беларускамоўную сям'ю, яны дома размаўляюць»… Гэта адзінкі тады былі. Хаця, напэўна, значна больш дома размаўляе, а на вуліцы не, — успамінае Курт Вулхайзер. — Але калі я вяртаўся ўжо ў перыяд незалежнасці, я чуў значна больш беларускай мовы на вуліцы, нават ад моладзі. Асабліва ў 2009 годзе. Потым я вярнуўся ў 2013 годзе — і ўсё больш месцаў з'яўлялася, дзе можна было чуць беларускую мову. Так што ў мяне склалася такое ўражанне, што мова адраджаецца дзякуючы моладзі, якая пераходзіць на мову, прынамсі ў пэўных абставінах».
«Вырашылі перайсці на беларускую, каб адмежавацца ад усяго рускага»
Зараз Курт Вулхайзер праводзіць новае даследаванне — вывучае моўныя ідэалогіі і моўны узус «новых беларускамоўных», але цяпер у дыяспары. Ён кажа, што вырашыў абмежавацца Польшчай і Літвой, паколькі большасць вымушаных эмігрантаў пасля 2020 года апынуліся ў гэтых дзвюх краінах.
У чэрвені ён правёў фокус-групавыя інтэрв'ю ў Польшчы — у Варшаве, ва Уроцлаве, у Познані, у Гдыні, Гданьску, Кракаве і Беластоку — там, дзе найбольш прадстаўнікоў гэтай новай беларускай дыяспары. Пасля працягнуў праект у Вільні.
«У рамках гэтых фокус-групавых інтэрв'ю я задаю пытанні пра матывацыю пераходу на беларускую мову, калі гэта адбылося. У многіх гэта паступовы працэс: пачынаюць перапісвацца ў сацыяльных сетках па-беларуску, а потым у побыце пераходзяць на гэтую мову. Але што тычыцца часу пераходу, вельмі шмат людзей казалі, што пасля 2020 года яны зразумелі, што трэба быць беларусамі і ў моўным плане, — кажа навукоўца і ўдакладняе: — Менавіта ў 2020 годзе многія ўпершыню адчулі, што яны частка беларускага народа, а не нейкага іншага».
Але сярод удзельнікаў фокус-групавых інтэрв'ю шмат людзей казалі, што менавіта пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны, вось тады вырашылі, што трэба перайсці на беларускую мову, каб адмежавацца ад Расіі, ад усяго расійскага, адзначае Курт Вулхайзер:
«Многія казалі: «Не хачу размаўляць на мове агрэсара», некаторыя казалі, што пасля 2020 года для іх расейская мова стала мовай рэжыму Лукашэнкі, мовай гвалту».
«Ёсць розныя фактары, але мне здаецца, гэтыя падзеі — пратэсты 2020 года і пачатак поўнамаштабнай вайны супраць Украіны — гэта пераломныя моманты ў пераходзе на мову сярод новай дыяспары», — падсумоўвае навуковец.
Ва ўмовах эміграцыі немагчыма гаварыць паўсюль на беларускай мове, таму яго цікавіла, на якой мове беларусы ў эміграцыі размаўляюць са сваімі суайчыннікамі.
«Я намагаўся прысутнічаць на розных імпрэзах беларускай супольнасці ў гарадах Польшчы і ў Вільні, каб проста слухаць, на якой мове там размаўляюць. І сапраўды, я чуў вельмі шмат беларускай мовы. І якраз у рамках фокус-групавых інтэрв'ю спытаўся пра тое, ці вам здаецца, што тут, у эміграцыі, беларусы часцей размаўляюць па-беларуску, чым у Беларусі. І большасць адказвае, што гэта дакладна больш», — расказвае Курт Вулхайзер.
«Сітуацыя ў беларускай дыяспары ўнікальная. Звычайна, калі эмігруюць кудысьці ў іншую краіну, людзі стараюцца захаваць моўную экалогію сваёй радзімы. А тут ёсць такі працэс адраджэння мовы ва ўмовах эміграцыі. Няма падобных прыкладаў, наколькі я ведаю», — адзначае навуковец.
У 2013 годзе Курт Вулгайзэр пачаў вывучаць з'яву «новых беларускамоўных» — людзей, якія з розных прычын вырашаюць перайсці на нацыянальную мову.
Першапачаткова ён вывучаў гэтую з'яву ў параўнальным плане, бо праводзіў фокус-групавыя інтэрв'ю таксама і ва Украіне з новымі ўкраінскамоўнымі — асабліва ў тых гарадах, дзе панавала расейская мова: у Харкаве, у Адэсе.
«Мяне цікавіла, якія там палітычныя і ідэалагічныя фактары ўплываюць на пераход з расейскай мовы на нацыянальную, бо ёсць шмат паралеляў паміж сітуацыяй украінскай і беларускай моў», — расказвае навуковец.
«Мяне цікавіла, наколькі дзяржаўная моўная палітыка ўплывае на гэты працэс. Ва Украіне дзяржава стварала ўмовы для пераходу — амаль ва ўсіх ёсць базавыя веды мовы са школы. Расейскамоўныя ўкраінцы, маладое пакаленне, добра валодаюць украінскай мовай, нават людзі з усходу, — расказвае навуковец. — А ў Беларусі сістэма адукацыі настолькі русіфікаваная, што маладыя людзі, якія хочуць перайсці на беларускую мову, вельмі часта не маюць гэтых базавых ведаў са школьных заняткаў па беларускай мове, таму павінны самастойна вывучаць мову, глядзець розныя даведнікі самастойна».
І гэта таксама цікава, асабліва ў выпадку беларускай мовы, — адзначае Курт Вулхайзер. Ён тлумачыць, што ў ангельскай мове ёсць тэрмін new speakers — гэтыя новыя носьбіты мовы, гэта будучыня мовы, бо традыцыйных носьбітаў даволі мала засталося. Носьбіты беларускіх гаворак паміраюць, і гаворкі набліжаюцца да расейскай мовы. Застаецца толькі літаратурная мова, якой валодае з дзяцінства невялікі адсотак насельніцтва Беларусі. Так што новыя носьбіты — і калі ў іх будуць дзеці і яны будуць іх выхоўваць па-беларуску — гэта будучыня мовы.
«Таму вельмі важна, якія моўныя варыянты гэтыя носьбіты выбіраюць. Цікава, што ў выпадку новых носьбітаў украінскай мовы ёсць літаратурная ўкраінская мова, якая існавала да 1933 года (як і ў выпадку беларускай мовы, калі была палітычная рэформа, каб наблізіць яе да расейскай мовы). І мне было цікава, наколькі носьбіты ўкраінскай мовы выбіраюць менавіта варыянты гэтай старой нормы. Большасць казалі: «Добра, што гэта ёсць, але мы арыентуемся на тую мову, якой нас вучылі ў школе», — расказвае Курт Вулхайзер. —
У выпадку новых носьбітаў беларускай мовы (прынамсі ў 2013 і ў 2019 гадах, калі я праводзіў гэтыя фокус-групы) у Беларусі шмат людзей казалі, што арыентуюцца менавіта на тарашкевіцу, бо гэта больш аўтэнтычная форма беларускай мовы. А цяпер у дыяспары значна менш людзей казалі, што трэба «гаварыць на тарашкевіцы».
Навуковец лічыць, што добра, што існуе такі варыянт, але не так істотна, каб ім карысталіся. Галоўнае, каб гаварылі па-беларуску.
«Так што ёсць пэўныя зрухі, мне здаецца, у моўнай ідэалогіі новых носьбітаў», — падсумоўвае Курт Вулхайзер.
«Стаўленне да беларускай мовы сярод значнай часткі беларусаў змянілася»
Амерыканскі навуковец разважае пра стаўленне беларускіх уладаў да нацыянальнай мовы. Ён мяркуе, што ў Беларусі пасля 2014 года Лукашэнка спалохаўся анексіі Крыму і вырашыў неяк змякчыць палітыку. «Відаць, хацеў прыцягнуць на свой бок прыхільнікаў беларушчыны». І тады пачалі пашырацца такія ініцыятывы, як «Мова нанова». Улады асабліва не спрыялі, але і не перашкаджалі. Але ўсё гэта скончылася пасля 2020 года.
«Але я чуў, што ў апошні час улады Беларусі зноў пачалі змагацца з нацыянальнай сімволікай, сцягам, Пагоняй, а беларускую мову пакуль не могуць забараніць. Я думаю, яны разумеюць, што трэба дазваляць карыстацца беларускай мовай, каб неяк сваю пазіцыю замацаваць. Вельмі складана нешта казаць пра ўнутраную сітуацыю Беларусі, але мне здаецца, улады разумеюць, што стаўленне да беларускай мовы сярод значнай часткі беларусаў змянілася, і таму адкрыта змагацца з мовай будзе цяжка», — упэўнены навуковец.
Ён перакананы, што калі палітычная сітуацыя ў Беларусі змяніцца, дастаткова хутка пашырыцца выкарыстанне беларускай мовы ў публічнай сферы.
На пытанне пра меркаванае падабенства расейскай і беларускай моў Курт Вулгайзэр адказвае так:
«Ёсць нацыянальныя мовы, значна больш падобныя, напрыклад, скандынаўскія. Нарвежская, дацкая, шведская — яны вельмі падобныя і нават бліжэйшыя, чым беларуская і расейская. І ніхто не кажа, што нарвежская — гэта дыялект дацкай. Блізкасць моў не паказчык блізкасці народаў».
Навуковец прыводзіць яшчэ адзін прыклад: харваты і сербы. Іх мовы вельмі падобныя, значна больш, чым беларуская і расейская. Але гэта зусім розныя народы.
Так што гэтыя аргументы (наконт блізкасці) з пункту гледжання сацыялінгвістыкі не маюць аніякіх падстаў, сцвярджае Курт Вулгайзэр.
Як сын высокапастаўленага сілавіка выбраў беларушчыну
Беларусь перажывае татальную русіфікацыю, родная мова знікае са школ — Euronews
Блогер Ілья Варламаў расказаў, чаму вучыць беларускую мову. Не абышлося і без сямейных повязяў