Іран запусціў 180 балістычных ракет па Ізраілі. Іх ізноў пашчоўкалі

Ракеты з Ірана да Ізраіля далятаюць за 12 хвілін.

01.10.2024 / 19:41

Карта ракетнай небяспекі ў Ізраілі

У Ізраілі гучаць сірэны, усе грамадзяне павінны дзейнічаць па інструкцыях камандавання тылу.

Паводле звестак тэлеканала ABC News, Ізраіль чакаў запуску каля 250 іранскіх ракет дзвюма хвалямі. Выданне спасылаецца на крыніцы ў адміністрацыі ЗША. Ракеты маюць быць скіраваныя па чатырох цэлях у Ізраілі, уключаючы штаб-кватэру «Масада» і тры авіябазы.

ЗША і Ізраіль актывавалі ўсе сродкі абароны, і Ізраіль «абсалютна дакладна» нанясе зваротны ўдар, калі гэта адбудзецца, — сказаў чыноўнік, які размаўляў з ABC News.

Першая хваля выпушчаных ракет, як мяркуецца, дасягае 100 адзінак.

Відавочцы публікуюць відэа перахопу іранскіх ракет у небе над Ізраілем.

У той жа час мясцовыя СМІ пішуць, што частка іранскіх ракет прабіла ізраільскую СПА «Жалезны купал». Нібыта ёсць пашкоджаныя будынкі, пра пацярпелых пакуль не паведамлялася.

Ізраільская газета «Гаарэц» перадае, што моцныя выбухі чуліся і ў Ерусаліме, і ў Тэль-Авіве. Таксама яна паведамляе — пакуль без падрабязнасцяў — пра траплянні ракет у цэнтральным Ізраілі і на поўдні, у пустэльні Негеў.

У сеціве распаўсюджваецца відэа нібыта выбуху на нафтавай вышцы ў Тэль-Авіве.

Выданне Al Arabiya паведаміла, што некалькі іранскіх ракет нібыта былі перехопленыя ў небе над Іарданіяй.

Прэзідэнт ЗША Джо Байден сабраў з нагоды ракетнай атакі Ірана на Ізраіль тэрміновую нараду ў Белым доме.

Між тым у Корпусе вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) заявілі, што, маўляў, нанеслі ўдар «у самае сэрца акупаваных земляў» у адказ на «пакутніцкую смерць» лідара ХАМАС Ісмаіла Ханіі, лідара «Хезбалы» Хасана Насралы і камандуючага КВІР Абаса Нільфрушана. 

Паводле фінальнага падліку, па Ізраілі было выпушчана 180 ракет. Большасць з іх удалося збіць — частку збілі амерыканскія ВМС, але большасць — ізраільская супрацьпаветраная абарона. Частка ракет упала ў пустыні і голым полі — сістэма «Жалезны купал» пралічвае траеторыі ракет і збівае тыя, якія ляцяць у забудову, прапускаючы іншыя, ад якіх не прагназуецца шкоды. Паведамляецца, што ў Ізраілі ёсць параненыя, але ніхто не загінуў.

Іран можа распачаць ракетную атаку супраць Ізраіля ў найбліжэйшыя гадзіны

Ізраіль пачаў наземную аперацыю на поўдні Лівана

Што сабой уяўляе «Хезбала», супраць якой пачаў наземную аперацыю Ізраіль? Колькі ў яе засталося баевікоў?

У Іране падраздзяленне па барацьбе з Ізраілем узначальваў агент «Масада»

Nashaniva.com