У канфіскаце Гомеля з’явіўся люксавы абутак — красоўкі амаль за 4 тысячы рублёў. Жыхары ўражаныя

У адным з канфіскатаў Гомеля можна набыць шлёпкі D&G ды красоўкі Gucci. Цэны такія, што людзі жартуюць: некаторыя наведвальнікі крамы на цэнніках бачаць свой заробак.

02.10.2024 / 19:20

Скрыншот відэа ў тыктоку

Відэа з крамы «Ваш выбар» з’явілася ў тыктоку пад гук «Наступны прыпынак: Рэспубліканская псіхічная бальніца. Канцавы». Бачна, што на вітрыне стаіць брэндавы абутак — шлёпкі D&G за 820 рублёў, красоўкі Gucci за 900 рублёў, кеды Philipp Plein за 571 рубель.

За кадрам смяецца жанчына, а аўтар відэа здзіўляецца: 

— Пачакайце, гэта беларускі канфіскат. Гэта моцна.

@pimkoftravel #конфискат#гомель ♬ прапынакдуркаканцавы - tgg

За пяць дзён ролік набраў 767 тысяч праглядаў і больш за 15 тысяч лайкаў. А ў каментарах пачалася дыскусія наконт таго, ці могуць быць такія цэны ў краме, калі дзяржава атрымала рэчы дарма. Тым больш, купляючы ў канфіскаце тавар, чалавек застаецца без гарантыі і нават не можа быць упэўненым у тым, што атрымаў сапраўды брэндавую рэч, а не танную падробку.

Дарэчы, на сайце konfiskat.by можна пабачыць, што ў гомельскім канфіскаце прадаюць і больш дарагія рэчы. Напрыклад, жаночыя курткі Prada за 6515 рублёў ці Rindi (пазначана, што ў другім выпадку краіна-вырабнік невядомая) за 3064 рублі, паліто Burberry у розных колерах за 5075 рублёў. Мужчынам прапануюць цёмна-сіні пінжак Celine за 2915 рублёў, пухавік Baldinini за 2324 рублі.

Скрыншот сайта konfiskat.by

Ды і абутак ёсць значна даражэйшы за той, які пабачыў на вітрынах карыстальнік тыктоку. Напрыклад, прапаноўваюць набыць жаночыя красоўкі Hermes, кошт якіх набліжаецца да 4 тысяч рублёў, дутыя боты Gucci & Balensiaga за 3344 рублі ці боты Foster за 2822 рублі.

Нагадаем: сетка крамаў «Ваш выбар» гандлюе таварамі, якія былі канфіскаваныя — гэта можа быць як кантрабанда з мяжы, так і арыштаваная ў межах крымінальных спраў маёмасць. Пасля 2020 года здараліся выпадкі, калі ў такіх крамах знаходзілі рэчы, канфіскаваныя ў палітзняволеных.

Канфіскаваны на мяжы 48-гадовы легендарны Chevrolet Corvette прадалі з аўкцыёну за немалыя грошы

У Мінску прадаюць з аўкцыёну вядомую краму канфіскату. Цана пытання — $2,5 мільёна

У Беларусі створаць яшчэ адну сетку крам па продажы арыштаванай маёмасці

У беларускіх канфіскатах прадаюць тры экзатычныя машыны

Nashaniva.com