У японскім аэрапорце выбухнула бомба часоў Другой сусветнай вайны

У аэрапорце Міядзакі на паўднёвым захадзе Японіі 2 кастрычніка проста на ўзлётна-пасадачнай паласе выбухнула амерыканская бомба часоў Другой сусветнай вайны, паведамляе AP. 

03.10.2024 / 16:10

Скрыншот з відэа

На відэа, якое паказалі ў эфіры японскага тэлебачання, відаць, як выбухам разарвала асфальтавае пакрыццё ўзлётна-пасадачнай паласы, «сфантанаваўшы» кавалкамі асфальту і зямлі на дзясяткі метраў у вышыню.

Паведамляецца, што пасля выбуху на зямлі засталася варонка дыяметрам каля 7 метраў і глыбінёй у 1 метр.

У аэрапорце давялося адмяніць больш за 80 рэйсаў, але абышлося без пацярпелых — па шчаслівай выпадковасці падчас інцыдэнту паблізу не аказалася ніводнага самалёта.

JUST IN - Bomb dropped by U.S. in World War II explodes at airport in Japan, causing runway damage and cancellation of 80 flights — CBS pic.twitter.com/aSLKkJb0m7

— Win Smart, CFA (@WinfieldSmart) October 2, 2024

Паводле інфармацыі агенцтва АР, прычынай інцыдэнту стала неразарваная амерыканская бомба часоў Другой сусветнай вайны — іх да гэтага часу рэгулярна выкопваюць то тут, то там на будаўнічых пляцоўках. Як так выйшла, што неразарваная бомба апынулася пахаваная прама пад узлётна-пасадачнай паласой, цяпер высвятляе спецкамісія.

У мясцовых праваахоўных органах заявілі, што ніякай небяспекі для далейшай працы аэрапорта ўжо няма. Літаральна за ноч пашкоджанні ўзлётна-пасадачнай паласы ліквідавалі і ўжо раніцай 3 кастрычніка палёты аднавілі.

У аэрапорце Варшавы ўзарваўся багаж

Ізраільскі ўдар па цэнтры Бейрута: ліванскія ўлады паведамілі пра шэсць загінулых

Прапагандыст расказаў, як псіхічна хворы год таму збіраўся ўзарваць ледзь не цэлы Мінск

Nashaniva.com