Актывіста руху «За свабоду» будуць судзіць па шасці палітычных артыкулах. Пагражае да 12 гадоў
Пра затрыманне Аляксея Клюшнічэнкі стала вядома толькі ў верасні, хоць ён за кратамі з лютага 2024 года.
06.10.2024 / 08:00
Аляксей Клюшнічэнка. Фота з ягонай старонкі «Укантакце»
Аляксею Клюшнічэнку 28 гадоў. Родам ён з Любанскага раёна, вучыўся ў школе ў аграгарадку Рачэнь. Пасля паступіў у Мінск і скончыў Мінскі радыётэхнічны каледж. Апошнім часам займаўся грузаперавозкамі, да лістапада 2022 працаваў прамоўтарам у мабільнага аператара life:).
На афіцыйных старонках руху «За свабоду» напісана, што «Аляксей быў адным з ключавых актывістаў па Мінску, удзельнічаў у шматлікіх акцыях і мерапрыемствах руху, калі арганізацыя яшчэ была зарэгістраваная і легальна праводзіла сваю дзейнасць, і шмат зрабіў на карысць грамадзянскай супольнасці».
Пра яго затрыманне стала вядома ў верасні 2024 года. Высветлілася, што Аляксея затрымалі ажно 22 лютага 2024 года.
Суд над Аляксеем пачынаецца 29 кастрычніка 2024 года ў Мінскім гарадскім судзе. Яго абвінавачваюць у «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання» (ч. 1 арт. 361-1 КК), «распальванні сацыяльнай варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК), «дыскрэдытацыі Беларусі» (арт. 369-1 КК), «закліках да санкцый» (ч. 3 арт. 361 КК), «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК) і «паклёпе на Лукашэнку» (ч. 1 арт. 369 КК).
Максімальнае пакаранне, якое могуць прызначыць Аляксею, — дванаццаць гадоў калоніі.
Судзіць яго будзе Міхаіл Макарэвіч. Ён прысудзіў толькі па вядомых адміністрацыйных справах каля 1800 сутак арышту і 29 000 рублёў штрафаў. Таксама асудзіў людзей больш чым па 30 палітычных крыміналках. Раней працаваў у Следчым камітэце.
Міхаіл Макарэвіч. Фота: тэлеграм-канал «Дзікае паляванне»
Расказваем, як даведацца, дзе і каму вы ставілі лайкі ў сацсетках, і перастрахавацца