Ілан Маск выступіў у падтрымку Трампа на перадвыбарчым мітынгу ў Пенсільваніі
Кандыдат у прэзідэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп выступіў на перадвыбарчым мітынгу ў горадзе Батлер у штаце Пенсільванія, дзе 13 ліпеня на яго быў здзейснены замах. Там жа выступіў у яго падтрымку Ілан Маск.
06.10.2024 / 08:00
Ілан Маск выступае на перадвыбарным мітынгу Дональда Трампа, 5 кастрычніка 2024 г., у Батлеры, Пенсільванія. Фото: Alex Brandon / AP
«Як я ўжо раней казаў…» — пачаў свой выступ з жарту Трамп, маючы на ўвазе свой першы мітынг у Батлеры. Кажучы пра замах, у выніку якога ён быў лёгка паранены ў вуха, Трамп назваў чалавека, што страляў у яго «пачварай» і спараджэннем «неўтаймаванага зла», піша BBC.
На гэты раз Трамп знаходзіўся за куленепрабівальным шклом, яго бяспеку забяспечвала падраздзяленне снайпераў.
Са словамі падтрымкі Трампа на мітынгу выступіў мультымільярдэр Ілан Маск, якога Трамп прадставіў як «выдатнага чалавека, які дапамагае нам будаваць неверагодную будучыню… Ён выратаваў свабоду слова і стварыў мноства выдатных рэчаў».
«Прэзідэнт Трамп павінен перамагчы на выбарах, каб захаваць Канстытуцыю і дэмакратыю ў Амерыцы. Гэта сітуацыя, у якой ён абавязаны выйграць», — заявіў Маск. Ён назваў замах на Трампа ў Батлеры «сапраўднай праверкай характару».
Трамп правёў на трыбуне амаль паўтары гадзіны і завяршыў выступленне абяцаннем «вярнуць амерыканскую мару» і «росквіт у кожную сям'ю».
Пенсільванія — адзін з ключавых Штатаў на выбарах прэзідэнта ЗША, якія пройдуць 5 лістапада.
Свежыя сацапытанні фіксуюць толькі невялікае, у межах статыстычнай хібнасці, разыходжанне ва ўзроўнях падтрымкі Трампа і ягонай саперніцы, віцэ-прэзідэнта Камалы Харыс, у штатах, якія вагаюцца.
Палякі Пенсільваніі могуць вызначыць хто стане прэзідэнтам ЗША, Харыс ці Трамп. Як так атрымалася?
У ключавых штатах ЗША пачала з'яўляцца рэклама Камалы Харыс у падтрымку Украіны