Толькі тры дамы састарэлых атрымалі ліцэнзіі. Раней працавала больш за 20

Нагадаем, з 1 кастрычніка прыватным дамам састарэлых у Беларусі трэба мець ліцэнзію, каб працаваць.

06.10.2024 / 23:35

Скрын відэа СТБ

Цяпер чыноўнікі паведамілі на СТБ, што тры прыватныя пансіянаты з 24 маюць ліцэнзіі.

Ліцэнзаванне ўвялі, бо, як сцвярджаецца, ад людзей, чые сваякі былі ў гэтых прыватных установах, паступала шмат скаргаў.

«Праблемы ў арганізацыі харчавання — сваякі звярталіся з пытаннямі, што пражываючых даводзілі да стану знясілення, былі выпадкі калі выяўлялі каросту, не ў аднаго чалавека, а масава», — пракаментавала Наталля Каравая, начальніца ўпраўлення арганізацыі сацыяльнага абслугоўвання Міністэрства па працы і сацыяльнай абароне.

Сярод частых парушэнняў — адсутнасць пажарнай сігналізацыі, эвакуацыйных выхадаў, праблемы з планіроўкамі. 

«Наша Ніва» раней пісала, што ў некаторых дамах састарэлых новыя патрабаванні называлі невыканальнымі. Рэч у тым, што большасць дамоў састарэлых абсталяваныя ў звычайных жылых дамах, якія ніхто не праектаваў з захаваннем стандартаў бальніц.

Намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення нагляду і прафілактыкі МНС Беларусі Аляксандр Шыкуць сцвярджае, што выканаць нормы нескладана:

«Калі раней у адпаведнасці з заканадаўствам трэба было рабіць паўнавартасную рэканструкцыю будынка з пераводам з жылога ў нежылы, то цяпер дастаткова выканаць пералік патрабаванняў, выкладзеных урадам, каб будынак мог функцыянаваць і выкарыстоўвацца пад аб'ект сацыяльнага абслугоўвання».

Людзі расказвалі «Нашай Ніве», як ім тэрмінова давялося шукаць, куда перавесці сваіх сваякоў — альтэрнатыў было вобмель. Гэту праблемы прызналі і на дзяржТБ.

«Я цяпер проста бачу, што ёсць праблема з прыстройкай людзей. Іх велізарная колькасць людзей. Па 20 званкоў у дзень», — адзначыла адміністратарка Дома міласэрнасці Кацярына Казлова.

У Беларусі закрыліся прыватныя дамы састарэлых. Што прапануюць улады?

«З 1 кастрычніка ніхто працаваць не будзе». У Беларусі зачыняюцца прыватныя дамы састарэлых

Nashaniva.com