За што беларусаў могуць дэпартаваць з Польшчы? Тлумачыць польская памежная служба

Польская Памежная служба ўзмацняе меры супраць замежнікаў, якія парушаюць закон: адразу пасля вызвалення з турмы некаторых з іх дэпартуюць і выдаюць забарону на паўторны ўезд у Польшчу і Шэнгенскую зону.

08.10.2024 / 15:29

Польскія памежнікі. Фота: Памежная служба Польшчы

Замежнікі, асуджаныя за кантрабанду людзей, кіраванне ў стане алкагольнага ап'янення і наркатычныя злачынствы, пасля адбыцця пакарання неадкладна дэпартуюцца і атрымліваюць «воўчы білет» — забарону на ўезд у Шэнгенскую зону. Пра гэта піша выданне Rzeczpospolita, якое нагадвае, што гэта мера ўжо ўжывалася да кур'ераў, якія летась перавозілі нелегальных мігрантаў па Балканскім маршруце.

Як паведаміў выданню прадстаўнік Памежнай службы Польшчы Шымон Масціцкі, гэтыя меры прымаюцца для абароны грамадскай бяспекі і парадку.

Маршрут праз польска-славацкую мяжу быў адным з асноўных для нелегальных мігрантаў, якія накіроўваліся ў Германію.

Мігрантаў дэпартавалі на працягу 48 гадзін у рамках спрошчанай рэадмісіі, а кантрабандысты пасля суду траплялі ў турмы. Некаторыя з іх ужо вызваліліся, іншыя хутка таксама будуць на волі і падлягаюць дэпартацыі.

Гэтая практыка існавала і раней, але цяпер служба працуе ва ўзмоцненым рэжыме ў сувязі з ростам выпадкаў парушэння закона замежнікамі. Пры гэтым ім забаронены паўторны ўезд у Шэнгенскую зону на тэрмін ад некалькіх да дзесяці гадоў.

Да сярэдзіны верасня 2023 года польская Памежная служба атрымала каля 570 паведамленняў аб вызваленні замежнікаў з турмаў і правяла 70 праверак іх дакументаў. Тых, хто ўяўляе пагрозу бяспецы, уключаючы асобаў, якія ўваходзяць у злачынныя групы або часта парушаюць закон, неадкладна дэпартуюць. Сярод такіх шмат грамадзян Украіны і Беларусі.

Асаблівую ўвагу польскія ўлады звярнулі на нецвярозых кіроўцаў. Раней яны адчувалі сябе беспакаранымі, але цяпер тых, хто неаднаразова парушаў забарону на кіраванне ў стане алкагольнага ап’янення, дэпартуюць з краіны пад канвоем.

Па інфармацыі прэс-сакратара Памежнай службы, да чэрвеня 2023 года з Польшчы было дэпартавана больш за 500 замежнікаў. За ўвесь мінулы год — 1200.

Паводле выдання, у 2023 годзе ў Польшчы 17,3 тысячы замежнікаў учынілі злачынствы, што на 2,4 тысячы больш, чым у папярэднім годзе. З гэтых злачынстваў 4,9 тысячы (прыкладна траціна) звязаны з кіраваннем у стане алкагольнага ап'янення (70% з іх здзейснены ўкраінцамі, а 25% — грузінамі).

За чатыры гады колькасць замежнікаў у польскіх турмах павялічылася амаль удвая — з 1267 да 2407. Сярод зняволеных дамінуюць украінцы, грузіны і беларусы, большасць з якіх адбывае пакаранне за злачынствы супраць бяспекі дарожнага руху (п'янства і ДТЗ), рабаванні, бойкі і забойствы.

Польшча будуе электронны бар'ер на памежнай з Беларуссю рацэ Буг

За паўгода польскія памежнікі выявілі 800 беларусаў, якія нелегальна знаходзіліся ў Польшчы

З Беларусі да польскіх памежнікаў уцякла нямецкая аўчарка. Там і застанецца

«Адбываецца генацыд беларусаў». Польскі таксіст Дабратвор перавысіў хуткасць на 50 км/г і застаўся без правоў

Nashaniva.com