Моцныя дажджы выклікалі патоп у пустыні Сахара

Паводле даных урада Марока, у некаторых раёнах за два дні ў верасні выпала ападкаў больш, чым у сярэднім за год, піша Associated Press. Сахара — адно з самых засушлівых месцаў на зямлі, а дажджы ў гэты час года — асабліва рэдкая з'ява, адзначае агенцтва.

09.10.2024 / 18:57

У прыватнасці, пацярпела невялікая вёска Мерзуга, якая знаходзіцца на паўднёвым усходзе Марока. Пасля праліўных дажджоў пасярод засушлівага ландшафту там утварыліся сапраўдныя азёры.

У пустынях традыцыйна выпадае менш за ўсё ападкаў: так, сярэдняя колькасць ападкаў у Сахары складае прыкладна 45 літраў на квадратны метр у год. Пры гэтым, паводле афіцыйных звестак, толькі ў пачатку верасня ў некаторых раёнах Сахары выпала 99 літраў ападкаў на квадратны метр.

У выніку паводкі ў Марока і Алжыры загінулі амаль два дзясяткі чалавек, у тым ліку турысты з Канады і Перу. Значныя страты таксама быў нанесеныя энергетычнай інфраструктуры і сістэме водазабеспячэння.

«Такой колькасці ападкаў за такі кароткі прамежак часу мы не бачылі ад 30 да 50 гадоў», — сказаў Хусін Юабеб з галоўнага метэаралагічнага ўпраўлення Марока.

Да нядаўняга часу ў Марока працягвалася моцная засуха, з-за якой фермеры кідалі свае палі, а ў гарадах і вёсках уводзіліся абмежаванні на выкарыстанне вады. Цяпер спецыялісты мяркуюць, што ападкі папоўняць запасы падземных вод, якімі забяспечваюцца пустынныя паселішчы.

Навукоўцы вырасцілі вымерлае біблейскае дрэва з семені, якое праляжала тысячу гадоў

Хто такія туарэгі, якія разграмілі калону вагнераўцаў? І за што яны ваююць?

Навукоўцы: Сахара можа цалкам «пазелянець» праз стагоддзе

Nashaniva.com