Ужо амаль палова расіян заявіла, што вайна прынесла Расіі больш шкоды, чым карысці

Практычна траціна расіян згодныя вярнуць Украіне ўсе акупаваныя падчас распачатай у лютым 2022 года поўнамаштабнай вайны тэрыторыі, каб завяршыць баявыя дзеянні, засведчыла апытанне, праведзенае «Левада-цэнтрам», піша The Moscow Times.

10.10.2024 / 22:29

Прыпынак грамадскага транспарту ў Цвяры. Фота з сацыяльных сетак

Паводле гэтага даследавання, 31% рэспандэнтаў падтрымаюць рашэнне Уладзіміра Пуціна, калі той спыніць вайну на ўмовах Кіева — гэта значыць з поўным вывадам расійскіх войскаў з усіх захопленых зямель. «Адназначна» гатовыя падтрымаць такое развіццё падзей 14% расіян, яшчэ 17% заявілі, што «хутчэй» яго падтрымаюць.

У першую чаргу, як вынікае з апытання, грамадзяне Расіі гатовыя расстацца з Запарожскай і Херсонскай абласцямі, якія былі далучаныя да Расіі восенню 2022 года без абласных цэнтраў — Запарожжа, якое не ўдалося захапіць, і Херсона, які расійская армія была вымушаная пакінуць. Вяртанне гэтых рэгіёнаў у склад Украіны падтрымаюць 21% рэспандэнтаў, з якіх 7% лічаць такі варыянт «пажаданым», а 14% — «дапушчальным».

Вярнуць «ДНР» і «ЛНР» дзеля міру з Кіевам згодныя 16% апытаных «Левадай». Аднак «пажаданым» такі сцэнар назвалі толькі 5%, а 11% — «дапушчальным».

У цэлым, «неадкладнае спыненне агню» ў якасці ўмовы мірнага пагаднення назвалі «пажаданым» або «дапушчальным» 78% расіян — рэкордная за два гады доля. Для параўнання: у маі 2024 года такі адказ давалі 70% рэспандэнтаў, а ў маі 2023 года — 64%.

Практычна палова апытаных — 47% — заявілі, што вайна прынесла Расіі «больш шкоды, чым карысці», і іх доля ў параўнанні з маем 2023 года павялічылася на 6 адсоткавых пунктаў. «Карыснай» вайну па-ранейшаму лічаць 28% расіян — на 10 працэнтных пунктаў менш, чым паўтара гады таму.

Вынікі апытання дэманструюць, што ў расіян паступова назапашваецца стомленасць ад вайны, сказаў «Агентству» дырэктар «Левада-цэнтра» Дзяніс Волкаў. Зрэшты, драматычных зменаў у грамадскіх настроях, паводле ягоных слоў, не адбываецца: 76% кажуць, што «падтрымліваюць» дзеянні арміі ва Украіне, а 60% мяркуюць, што вайна праходзіць «паспяхова», нягледзячы на сукупныя страты, якія перавысілі мільён чалавек.

«Большасць можа жыць сваім прыватным жыццём далей, — тлумачыць Волкаў. — Большасць хоча міру, але пакідае гэтае рашэнне на водкуп уладам».

Колькасць незадаволеных жыццём расіян скарацілася да гістарычнага мінімуму — «Левада-цэнтр»

Сярод расіян зафіксавалі рост колькасці прыхільнікаў мірных перамоваў з Украінай

Для расіян няма нікога раднейшага за беларусаў — сацапытанне

Nashaniva.com