Чэргі з фур на выезд з Беларусі прыкметна скараціліся. Чаму так адбываецца?

Апошнім часам колькасць фур, якія чакаюць выезду з Беларусі ў ЕС, устойліва змяншаецца.

12.10.2024 / 09:00

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Мінус 1000 фур за тыдзень

11 кастрычніка 2024 года выезду з Беларусі ў краіны ЕС чакалі каля 1700 грузавікоў. Найбольшае скапленне назіралася на мяжы з Літвой, дзе ў пунктах пропуску «Каменны Лог» і «Беняконі» стаяла па 600 фур.

На мяжы з Латвіяй і Польшчай сітуацыя крыху лепшая — па 250 грузавікоў у кожным кірунку.

Для параўнання: тыдзень таму ў чарзе на выезд стаялі 2700 грузавікоў, з іх 700 на кожным з двух пунктаў пропуску з Літвой, 900 на мяжы з Польшчай і 400 на латвійскім кірунку. Два тыдні таму агульная колькасць грузавікоў, якія чакалі выезду, складала каля 2800 — супраць 1700 цяпер.

Чаму так адбываецца?

Колькасць транспартных сродкаў, якія афармляюць цягам сутак, застаецца прыблізна на тым жа ўзроўні, таму гэта не магло выклікаць змяншэння чэргаў.

Выглядае, што паўплывалі санкцыі ЕС ад 29 чэрвеня 2024 года. Рэч у тым, што, за некаторымі выключэннямі, абавязкі па кантрактах, заключаных да 1 ліпеня 2024 года, маглі выконвацца да 2 кастрычніка 2024 года.

Імпарцёры імкнуліся паставіць як мага больш тавараў з Еўропы да гэтай даты, бо пасля гэтага тавары, якія трапілі пад санкцыі, больш нельга будзе прадаваць у Беларусь.

Цяпер жа спіс тавараў скараціўся, і адпаведна паменшаў паток грузаў. Таму цяпер мы назіраем сітуацыю, калі частка грузавікоў пасля разгрузкі ў Беларусі вяртаецца ў ЕС, але новыя рэйсы ў гэтым кірунку не адбываюцца.

Nashaniva.com