Туск хоча пастрожыць міграцыйную палітыку ў Польшчы, але актыўна прыцягваць працоўныя рэсурсы

Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск 12 кастрычніка прадставіў сваю стратэгію барацьбы з нелегальнымі мігрантамі ў Польшчы і ўсім Еўрасаюзе. Стратэгія атрымала назву «Вярнуць кантроль, гарантаваць бяспеку». Сярод ключавых яе прапаноў — «часовае тэрытарыяльнае прыпыненне права на прытулак».

12.10.2024 / 18:05

Дональд Туск. Фота: AP Photo/Wojciech Strozyk

«Я буду патрабаваць права прызнаць гэта рашэнне ў Еўропе, — паабяцаў Дональд Туск на з'ездзе кіроўнай партыі «Грамадзянская платформа».

Гаворка ідзе пра закон Еўрасаюза, які дазваляе ўсім нелегалам, якія прыбылі на яго тэрыторыю, патрабаваць разгляду просьбы аб прытулку. Паводле польскага прэм'ера, менавіта на гэты закон спадзяюцца мігранты, якія спрабуюць нелегальна перасячы мяжу Беларусі і Польшчы.

Дональд Туск заявіў, што «дзяржава павінна аднавіць 100-працэнтны кантроль над тымі, хто прыязджае ў Польшчу».

«Мы звядзём да мінімуму незаконную міграцыю ў Польшчы, мы выкаранім тыя практыкі, якія фактычна абыходзілі польскія інтарэсы і парушалі бяспеку палякаў і польскай дзяржавы. І мы ліквідуем гэтыя практыкі да нуля», — сказаў Туск.

«Сёння гэта абсалютна найважнейшая рэч у Польшчы, Еўропе і свеце — даць добры, сумленны, а таксама прыстойны, але адначасова жорсткі адказ на гэтыя званкі і страхі, якія ўзнікаюць у сувязі з масавымі міграцыямі, вялікім міграцыйным ціскам, а таксама палітыкай варожых дзяржаў, якія арганізуюць гэтую незаконную міграцыю», — заявіў ён. 

Але пры гэтым Дональд Туск паабяцаў прыцягваць у краіну неабходныя працоўныя рэсурсы, што закране і беларусаў.

«Дзяржава нясе адказнасць за прыцягненне ў Польшчу людзей, якія хочуць сумленна працаваць, плаціць падаткі, інтэгравацца ў польскае грамадства і вучыцца ў сапраўдным універсітэце. І гэта людзі, якія потым заслугоўваюць павагі», — падкрэсліў кіраўнік польскага ўрада.

Таксама ён паабяцаў спрасціць працэдуры для іншаземцаў, у якіх ёсць польскія карані. Верагодна, у гэтую катэгорыю трапяць і ўладальнікі «карты паляка».

«Мы плануем палітыку паскоранага вяртання палякаў і людзей польскага паходжання з польскай дыяспары, з-за мяжы», — заявіў Туск.

Васкрасенскі: Трэба, каб Сікорскі прывёз падарунак Лукашэнку. А Бяляцкі і 20 завадатараў выйдуць апошнімі

Туск на румынскай выступіў у парламенце Малдовы і паабяцаў дапамогу з уступленнем у ЕС — ВІДЭА

«Тады мы ўдарым па Пецярбургу». Вайскоўцы з Польшчы і краін Балтыі абмеркавалі ваенны адказ на магчымую расійскую агрэсію

Nashaniva.com