Маштабы кітайскага шпіянажу ашаламляюць заходнія ўрады — The Wall Street Journal

Як сцвярджаюць заходнія ўрады, Пекін займаецца шпіянажам у беспрэцэдэнтных маштабах, прыцягваючы да гэтага спецслужбы, прыватныя кампаніі і грамадзян, каб падарваць пазіцыі канкурэнтных дзяржаў і ўмацаваць эканоміку Кітая.

14.10.2024 / 17:16

Ілюстрацыйная выява. Фота: pixabay

Як піша The Wall Street Journal, рэдка праходзіць тыдзень без папярэджання ад заходніх спецслужбаў аб пагрозе, якую ўяўляе Кітай. Толькі ў мінулым месяцы расследаванне ФБР выявіла, што кітайская дзяржаўная кампанія ўзламала 260 000 інтэрнэт-прылад у розных краінах, уключаючы ЗША, Вялікабрытанію, Францыю, Румынію і іншыя.

Даследаванне Кангрэса ЗША паказала, што кітайскія грузавыя краны ў амерыканскіх партах могуць утрымліваць тэхналогіі для тайнага кіравання імі з боку Пекіна. Урад ЗША абвінаваціў былога памочніка губернатара Нью-Ёрка ў тым, што ён быў кітайскім агентам.

Кітайская дзейнасць вар'іруецца ад абсурднай да трывожнай. У верасні пракуроры ЗША абвінавацілі пяцярых выпускнікоў Мічыганскага ўніверсітэта з Кітая ў тым, што яны сярод ночы рабілі фатаграфіі ў непасрэднай блізкасці ад вайсковай тэхнікі падчас вучэнняў Нацыянальнай гвардыі ЗША з удзелам тайваньскіх вайскоўцаў. Яны сцвярджалі, што назіралі за зоркамі.

Раней у гэтым годзе ўрад Вялікабрытаніі паведаміў, што хакеры, звязаныя з Кітаем, атрымалі доступ да выбарчых спісаў краіны, якія ўключаюць хатнія адрасы прыкладна 40 мільёнаў чалавек.

Урад ЗША таксама расследуе, ці ўзламала кітайская група, звязаная з дзяржавай, асноўных пастаўшчыкоў шырокапалоснага інтэрнэту ў ЗША, магчыма, атрымаўшы доступ да праслухоўвання праваахоўных органаў. Спецыялісты па разведцы турбуюцца, што Кітай крадзе вялізныя аб'ёмы прыватных даных для навучання мадэляў штучнага інтэлекту.

Паводле аналітыкаў, Кітай усталяваў шкоднаснае праграмнае забеспячэнне ў індыйскіх энергетычных сетках падчас памежнага канфлікту ў 2021 годзе і ў тэлекамунікацыйных сетках на Гуаме, дзе знаходзіцца буйная база ВПС ЗША.

У гэтым годзе ФБР паведаміла, што Кітай атрымаў доступ да сотняў маршрутызатараў і выкарыстоўваў іх для пранікнення ў амерыканскія водныя і энергетычныя сеткі.

Колькасць хакераў, якія падтрымліваюцца Кітаем, перавышае ўвесь кіберперсанал ФБР як мінімум у 50 разоў. Па ацэнках аднаго еўрапейскага агенцтва, у кітайскіх аперацыях па зборы разведзвестак і гарантаванні бяспекі можа ўдзельнічаць да 600 000 чалавек. Дырэктар ФБР Крыстафер Рэй адзначыў, што хакерская праграма Кітая перавышае маштабы ўсіх іншых буйных краін разам узятых.

Відэасустрэча прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і старшыні КНР Сі Цьзінпіна. 15 лістапада 2021 года. Фота: Sarah Silbiger/UPI/Bloomberg via Getty Images

Па словах еўрапейскіх службоўцаў бяспекі, кітайскія студэнты і запрошаныя вучоныя таксама сталі адным з галоўных каналаў кітайскага шпіянажу на Захадзе. У апошні час шпіёны, якія маскіруюцца пад даследчыкаў, сталі лепш хаваць свае сляды. Напрыклад, студэнты, якія першапачаткова запісваюцца на моўныя ці літаратурныя курсы, затым пераключаюцца на квантавыя вылічэнні ці іншыя адчувальныя галіны.

Паводле даных MI5, з 2022 года кітайскія агенты звярнуліся да больш за 20 000 чалавек толькі ў Вялікабрытаніі, спрабуючы прымусіць іх перадаць канфідэнцыйную інфармацыю.

Заходнія спецслужбы, якія не ў стане стрымаць актыўнасць Пекіна, публічна б'юць трывогу, заклікаючы бізнэсы і людзей быць асцярожнымі ў зносінах з Кітаем. Напрыклад, MI5 цяпер папярэджвае ўніверсітэты адносна рызык супрацоўніцтва з кітайскімі кансалтынгавымі кампаніямі ці ўніверсітэтамі, якія могуць несвядома перадаць каштоўную інтэлектуальную ўласнасць.

Аднак, улічваючы глыбокую інтэграцыю Кітая ў сусветную эканоміку, гэта становіцца складанай задачай. Эксперт па нацыянальнай бяспецы з Гарварда Калдэр Уолтан (Calder Walton) адзначае, што заходнія ўрады часта рэагуюць толькі пасля таго, як падзеі ўжо адбыліся.

Рэакцыя Захаду ўскладняецца тым, што, у адрозненне ад такіх аўтакратый, як Іран ці Расія, гандаль з Кітаем на працягу дзесяцігоддзяў падтрымліваў эканамічны рост гэтых краін, што ў сваю чаргу з'яўляецца асновай іх доўгатэрміновай бяспекі. Большасць краін не можа сабе дазволіць увесці санкцыі супраць Кітая і выдаліць яго дыпламатаў.

«Кітай — гэта іншае», — цытуе WSJ кіраўніка брытанскай унутранай разведкі MI5 Кена Маккалума.

Акрамя гэтага, Кітай, паводле слоў прадстаўнікоў разведкі, не гуляе па традыцыйных шпіёнскіх правілах. Ён, здаецца, не хвалюецца, калі яго ловяць на месцы злачынства, і, у адрозненне ад Расіі, рэдка спрабуе абменьваць сваіх шпіёнаў пасля іх арышту.

Яшчэ адна праблема для заходніх спецслужбаў — гэта складанасць шпіёніць за Кітаем. Разведвальная дзейнасць Пекіна дэцэнтралізаваная і ахоплівае мноства агенцтваў і прыватных кампаній. Гэтыя структуры ў асноўным дзейнічаюць аўтаномна, што ўскладняе пранікненне ў іх сістэму.

Іх метады здаюцца нязладжанымі, паколькі спалучаюць дзяржаўныя і прыватныя суб'екты, якія, мабыць, свабодна дзейнічаюць у адпаведнасці з агульнымі мэтамі, вызначанымі высокапастаўленымі чыноўнікамі. Акрамя таго, дзесяць гадоў таму Кітай правёў чыстку сярод чыноўнікаў, якія працавалі на амерыканскую разведку.

Сі Цзіньпін. Фота: AP Photo / Tatan Syuflana

Як піша выданне, у аснове дзейнасці Кітая ляжыць жаданне Сі Цзіньпіна ўмацаваць сваю ўладу. Рызыкі шкоднай дзейнасці могуць узмацніцца, бо эканамічны рост Кітая запавольваецца пад аўтарытарным кіраўніцтвам Сі. Па словах афіцыйных асобаў, разведка Пекіна апынецца пад ціскам, каб красці інавацыі для падтрымкі эканомікі і душыць крытыку ў краіне і за мяжой.

«Усё зводзіцца да бяспекі рэжыму», — сказаў выданню Найджэл Інкстэр (Nigel Inkster), былы дырэктар аперацый брытанскай знешняй разведкі MI6.

Выданне адзначае, што прэс-служба ўрада Кітая і міністэрствы дзяржаўнай бяспекі, грамадскай бяспекі і абароны не адказалі на запыты адносна каментарыяў. Раней Пекін адмаўляў абвінавачванні ў шпіянажы супраць заходніх краін, заяўляючы, што сам часта робіцца ахвярай замежных хакерскіх атак і разведвальных аперацый.

Кітай больш не па зубах ЗША?

Як Кітай становіцца навуковай звышдзяржавай

Кітай абвінавацілі ў маштабным узломе, «які закрануў мільёны людзей». Што вядома?

Nashaniva.com