Колькі каштуе перайсці на зімовыя пакрышкі ў Беларусі і ў суседзяў?

Паглядзелі, у колькі абыйдзецца пераход на зімовыя пакрышкі ў Беларусі, і параўналі з цэнамі ў Польшчы і Літве.

17.10.2024 / 21:30

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Згодна з ПДР, перайсці на зімовыя пакрышкі ў абавязковым парадку трэба да 1 снежня, але многія аўтааматары робяць гэта загадзя. Па-першае, снег і галалёдзіца не чакаюць прыходу каляндарнай зімы, па-другое, не трэба будзе праводзіць шмат часу ў чэргах, калі на шынамантаж паедуць тыя, хто адкладае ўсё на апошнія дні.

Мінск

Замяніць чатыры пакрышкі ў Мінску можна па цэнах ад 65 рублёў за шыны памерам R15-R16. За колы дыяметрам R17-R18 трэба будзе заплаціць ад 75 рублёў за камплект.

На «ТЕХХ Сэрвіс», які, апроч станцый у Мінску, мае філіялы ў Бабруйску, Барысаве, Гродне і Мазыры, за 4 пакрышкі памерам R14-R16 бяруць 72 рублі. За R17-R19 — 92 рублі.

Але выніковая сума можа быць крыху вышэйшай, бо ў цану мантажу не ўваходзіць кошт балансіровачных грузікаў, што можа павысіць цану на 5-20 рублёў.

Таму трэба быць гатовымі агулам заплаціць каля 80 рублёў за R15-R16 і каля 100 рублёў за R17-R19.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Што ў абласных гарадах?

У Брэсце замена 4 пакрышак на легкавым аўто дыяметрам R15-R16 абыдзецца ў суму ад 60 рублёў. За R17-R18 — ад 70 рублёў. Аналагічныя цэны на шынамантаж і ў Гродне.

Як у суседзяў?

Таксама мы пацікавіліся, колькі за тыя самыя паслугі плацяць беларусы, якія жывуць у Польшчы і Літве.

У Вільні замена 4 пакрышак памерам да R16 абыйдзецца ў 40 еўра (каля 140 рублёў). За R17-R18 — 45 еўра (каля 160 рублёў).

Падобныя цэны і ў Польшчы. За мантаж 4 колаў дыяметрам R17-R18 бяруць 200 злотых (каля 165 рублёў).

Нагадаем, што за выкарыстанне аўто з 1 снежня па 1 сакавіка на летніх пакрышках прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць, а рэшткавая вышыня малюнка пратэктара павінна быць не менш за 4 мм.

На першы раз могуць даць пісьмовае папярэджанне або штраф да 1 базавай велічыні (да 40 руб.). За паўторнае парушэнне ПДР на працягу года — штраф ад 2 да 5 базавых велічынь (ад 80 да 200 рублёў).

Махляры, якія прадаюць танныя шыны праз Instagram, рыхтуюцца да новага сезона. Як не трапіць на падман

Lada пачала выпускаць седан «бізнэс-класу». Што за ён і колькі каштуе

Як зняць аўтамабіль з уліку ў Беларусі, нават калі яго даўно ў вас няма ці машына ўжо зарэгістравана ў іншай краіне

Nashaniva.com