П'яны мінчук паспрабаваў угнаць машыну, але не змог яе завесці. А раніцай прачнуўся пад плотам і пайшоў на працу

Затрымалі нешчаслівага ўгоншчыка ў той жа самы вечар. Аказалася, ён проста хацеў пакатацца.

16.10.2024 / 20:15

Фота ілюстрацыйнае

Аднойчы ноччу 20-гадовы мінчук пад градусам шпацыраваў у цэнтры сталіцы. У двары Юрыдычнага каледжа БДУ на Камсамольскай ён прыкмеціў прыпаркаваную машыну Suzuki, і ў хлопца ўзнікла непераадольнае жаданне пакатацца.

Ён пералез праз плот, разбіў акно аўто цагліной і залез у салон. Там ён знайшоў звязку ключоў, аднак ніводная з іх да замка запальвання не пасавала, пішуць «Мінск-Навіны».

Тады хлопец паспрабаваў завесці машыну адкруткай — таксама не выйшла. Правалам скончылася і трэцяя, кінематаграфічная, спроба — завесці аўто шляхам злучэння двух правадоў не атрымалася. 

Расчараваўшыся, хлопец забраў з салона садовую рыдлёўку і пайшоў. Адначасова ён збіў з будынка каледжа камеру назірання.

Раніцай мужчына прачнуўся пад плотам у цэнтры горада і пайшоў на працу — мінчук працаваў маляром-тынкоўшчыкам на дзяржпрадпрыемстве. Начныя прыгоды ён памятаў цьмяна. Але ўвечары, ужо дома, яго затрымалі.

Хлопец прызнаў віну. Аказалася, што ён прычыніў машыне шкоду на суму ў 3400 рублёў.

Суд прызнаў мінчука вінаватым у замаху на неправамернае завалоданне транспартным сродкам і паездку на ім без мэты крадзяжу і прызначыў яму адзін год папраўчых работ з утрыманнем 20% заробку. Да крымінальнай адказнасці хлопец да гэтага не прыцягваўся.

У Мёрах падлетак украў трактар, каб замацаваць веды, атрыманыя на ўроках кіравання

У Клічаўскім раёне судмедэксперты вылічылі ўгоншчыка матацыкла па паху

Работнік СТА вырашыў пакатацца па Мінску на чужым Porsche 

Nashaniva.com