У Германіі згарэла пажарная частка, якую адкрылі ў студзені. У ёй не было пажарнай сігналізацыі

Частку ў Гесэне называлі ультрасучаснай, але яна не прапрацавала і года.

17.10.2024 / 16:01

Скрыншот відэа hessenschau.de

У нямецкім Штадталендорфе ў Гесэне згарэла пажарная частка, якую адкрылі ў студзені 2024 года.

Частку называлі ультрасучаснай і інавацыйнай. На тэрыторыі была абсталяваная вежа для трэніровак вышынёй у 23 метры, трэнажорная зала, пральня і спецыяльная сістэма догляду за шлангамі.

Аднак пажарнай сігналізацыі і распырсквальнікаў у частцы не было — на гэтым вырашылі ашчадзіць, паколькі закон не абавязвае ўсталёўваць гэтыя дарагія сістэмы на такіх аб'ектах, піша hessenschau.de.

Прычынай пажару, мяркуючы па ўсім, стала ўзгаранне аўтамабіля ў гаражы з інструментамі. Пажарнікі былі на месцы ўжо праз тры хвіліны, яны змаглі дастаць амуніцыю і прыступілі да тушэння. Аднак агонь распаўсюдзіўся вельмі хутка і практычна знішчыў частку.

Полымя падымалася на вышыню ад 10 да 15 метраў ад даху апаратнай залы. Унутры згарэла амаль дзясятак пажарных машын. Ніхто з людзей, паводле звестак уладаў, не пацярпеў. Агульная шкода склала да 24 млн еўра.

Здарэнне ўжо назвалі вялікім фіяска пажарнай часткі. Пры гэтым эксперты не ўпэўненыя, што пажарная сігналізацыя і распырсквальнікі дапамаглі б у гэтай сітуацыі.

Пасля інцыдэнту ў Штадталендорфе мэр суседняга муніцыпалітэта паабяцаў паставіць пажарныя сігналізацыі на пажарнай частцы, якая будуецца ў горадзе.

У Каменным Логу згарэла фура

У Нігерыі мінімум 147 чалавек загінулі пры выбуху бензавоза. Яны спрабавалі сабраць разлітае паліва

Дачка падпаліла фіранку: падрабязнасці трагедыі ў Сеніцы, дзе загінулі двое дзетак

Nashaniva.com